Як не сфатаграфавацца са знакам HOLLYWOOD?..

Аднапавярховая Амерыка

Частка шаснаццатая

Пірс Санта-Монікi спалучае свежасць акіяна i павольнасць курортнага жыцця. Менавіта тут можна знайсці адпачынак ад мітусні гарачага аднапавярховага Лос-Анджэлеса. Туды мы і накіроўваемся, каб зрабiць пару подыхаў энергіі перад шпацырам па «Алеi зорак».

У самым пачатку Каларада-авеню знаходзіцца знакаміты пірс, які існуе ўжо больш за сотню гадоў. На ім размешчана мноства крам, кафэ і рэстаранаў, а летам праходзяць музычныя фэсты. Таксама на пірсе працуе парк забавы Paсifiс з адзіным у свеце колам агляду, які сілкуецца сонечнай энергіей. Кола ўзвышаецца на 40 метраў і абсталявана амаль 160 тысячамі святлодыёдных лямпаў, якія забяспечваюць надзвычайны начны выгляд. Для малых прадугледжаны асаблівыя атракцыёны ў форме карабля і цмока, а таксама аўтамабільчыкі (катацца на іх можна без суправаджэння дарослых). Для адпачынку ўсёй сям’ёй прапануюцца кіданне кольцаў, дартс, водныя гонкі і г. д. Уваход у сам Pacific Park бясплатны. Наведвальнікі могуць купляць білеты на атракцыёны паасобку (сярэдні кошт – 5 даляраў) або набыць бранзалет, які дае неабмежаваную колькасць наведванняў.

Тут жа, на пірсе, стаіць знак Route 66 – канчатковая кропка гістарычнай шашы, якая і прывяла нас сюды. Некалькі хвілін мы стаялі моўчкі побач з гэтым знакам. Кожны думаў пра сваё. Памяць малявала карцінкі каляровых муралаў, вобразы гасцінных гаспадароў прыватных музеяў, гістарычных і сучасных аўтазаправачных станцый, снега ў Нью-Мексіка і салодкіх бліноў-панкейкаў раніцай у прыдарожных матэлях. Гэтыя ўспаміны абавязкова патрэбна было адсвяткаваць, і мы накіраваліся ў кафэ, якое бачылі дагэтуль у розных гарадах, але пакінулі яго на дэсерт падарожжа.

Напэўна, вы глядзелі фільм «Форэст Гамп» і памятаеце аднаго з галоўных герояў па мянушцы Бубба, які марыў адкрыць свой крэветачны рэстаранчык. Кінамара ўвасобілася ў жыццё, і цяпер на пірсе Санта-Монікі падаюць крэветкі ва ўсіх магчымых варыяцыях. Інтэр’ер Bubba Gump Cafe упрыгожаны рознымі прадметамi і кадрамі з фільма ў рамках. На экране бясконца паказваюць знакамітае кіно. Ля ўваходу размешчаны лавачка і красоўкі Форэста Гампа. Порцыi вялікія, а крэветкі смачныя – таму і 30 даляраў за «святочную» вячэру на дваіх было не шкада.

Да таго як мы апынуліся на месцы, «Алея зорак», дакладней «Алея славы» (бо па-ангельску гэта Walkof Fame), здавалася чымсьці шыкоўным і недаступным. Яшчэ б, усе гэтыя відэасюжэты, артыкулы ў часопісах з цырымоній устаноўкі новых зорак, шык-бляск ды і толькі. На справе «Алея славы» апынулася звычайным тратуарам уздоўж звычайнай вуліцы, хіба што ў яго ўманцiраваны зоркі з імёнамі знакамітых людзей.

Праз некалькі хвілін, калі стамляешся ісці галавой уніз і вычытваць імёны, большая частка з якіх зусім незнаёмыя, наогул перастаеш звяртаць на іх увагу. Як ні круці, месца знакавае, пабываць тут проста абавязаны кожны турыст, які апынуўся ў Лос-Анджэлесе.

Тратуар з зоркамі працягнуўся паабапал Галівудскага бульвара (Hollywood Blvd). Як усякі звычайны тратуар, ніхто яго не працірае анучкамі і не здзiмае пыл. «Алея славы» перажывала і ўзлёты, і падзенні, быў час, калі восем гадоў запар не з’яўляліся зоркі. Сёння ж штогод усталёўваецца два-тры дзясяткі новых. Як выбіраюць, чыё імя ўвекавечыць? Ведае алеяй Галівудская гандлёвая палата, пры якой створаны адборачны камітэт, члены якога намінуюць знакамітасцяў. Усё проста.

Перад Кітайскім тэатрам Граўмана, у якім праходзяць прэм’еры ўсіх сусветных навінак, ёсць свая «Алея славы», якая будзе нават цікавей за «зорную». Тут знакамітасці пакідаюць у цэменце адбіткі сваіх рук і ног (некаторыя праяўляюць фантазію).

Наступным пунктам вячэрняга візіту ў нашай праграме быў знакаміты на ўвесь свет знак HOLLYWOOD. Без фота на яго фоне Лос-Анджэлес не пакіне ні адзін турыст, а мы… пакінулі. Чаму? Зараз даведаецеся.

Размешчаны знак на Галівудскіх пагорках, таму бачны як на далоні з многіх кропак у горадзе. Першапачаткова ён выконваў ролю ўсяго толькі рэкламы, заклікаючы сяліцца ў новых жылых кварталах на тых самых пагорках. Але ж надпіс быў не HOLLYWOOD, а HOLLYWOODLAND. Толькі шмат пазней гэтыя вялізныя белыя літары ператварыліся ў сімвал кінаіндустрыі.

Мы выбралi на карце не самую, на наш погляд, лепшую кропку для фатаграфавання са знакам – Griffith Park Observatory. Але нешта пайшло не па плану. Парковачных месцаў не было за некалькі кіламетраў да самой агляднай кропкі, угору цягнулася бясконцая чарга аўтамабіляў, і шанцу на прыпынак не было. Пакуль мы стаялі ў заторы, некалькі разоў выбягалі з машыны, каб пабачыць той самы знак – тым і задаволіліся.

Нас чакаў яшчэ Universal Studios – вялікі парк забаваў. Ён падзелены на часткі, прысвечаныя таму ці іншаму фільму альбо мульціку. Мабыць, абраны былi самыя папулярныя, любiмыя і відовішчныя: «Трансформеры», «Шрэк», «Брыдкі Я», «Мумія», «Сімпсаны», «Гары Потар» і іншыя. Паўсюдна сустракаюцца рэчы, персанажы, дэкарацыі і нават цэлыя несапраўдныя вуліцы, якія выкарыстоўваліся некалі ў здымках.

Акрамя гэтых чыста забаўляльных павільёнаў, ёсць і дзеючыя, у якіх здымаецца кіно ў рэжыме «тут і цяпер». Вось, што такое парк Universal ў двух словах. Кошт білета – каля ста даляраў. Гэта толькі ўваход, паркоўка для аўтамабіля каштуе 20 даляраў. Але не думайце пра грошы, калі вы апынуліся ў чароўнай краіне казак, фільмаў і мрояў. Атрымлівайце асалоду ад усяго, што здараецца з вамі, і вандруйце з усмешкай.

Працяг будзе.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий