Аднапавярховая Амерыка, ці Як святкуюць аўтамабілісты ў ЗША

Падарожнiчаючы па гістарычнай трасе Route 66, хуткасных хайвеях, вузкіх вулачках маленькіх гарадоў, абшарах нацыянальных паркаў, стоячы ў шматкіламетровых заторах мегаполісаў, мы заўсёды былі ў асяроддзі амерыканскіх аўтамабілістаў. Якія яны? Розныя – не здзiвім чытача адказам. Калі Ільф і Пятроў адкрывалі для сябе аднапавярховую Амерыку, аўтамабілі ў нас былі яшчэ раскошай, а там – станавіліся неабходнасцю.

Пісьменнікі нават сустрэліся з самім Фордам: «Гэта быў містэр Генры Форд. У яго выдатныя вочы, іскрыстыя, падобныя на талстоўскiя, мужыцкія. Вельмі рухомы чалавек. Размаўлялi мы, што называецца, «за жыццё». Спатканне працягвалася хвілін 15 ці 20. Вядома, такі чалавек, як Форд, ужо не думае толькі аб заробках. Ён казаў, што служыць грамадству і што жыццё – рэч больш шырокая, чым аўтамабіль. Увогуле, я бачыў выдатнага чалавека, які ў велізарнай ступені паўплываў на жыццё людзей. Ён сам, трэба думаць, не вельмі задаволены панаваннем машын над чалавекам, таму што казаў пра тое, што хоча рабіць маленькія заводы, дзе людзі будуць і працаваць, і ў той жа час займацца сельскай гаспадаркай».

Тым часам мінула некалькі дзесяцігоддзяў, і мы ўжо таксама не ўяўляем жыцця без аўтамабіляў. Больш за тое, прафесійнае свята – Дзень работнікаў аўтамабільнага транспарту – святкуюць сёння ўсе, хто кіруе, валодае і мае якое-небудзь дачыненне да аўтатранспарту. А вось на захадзе не існуе аналагічнага Дня аўтамабіліста. У ЗША штогод адзначаюць свой дзень толькі кіроўцы школьных аўтобусаў і грузавых фураў.

Дзень кіроўцы школьных аўтобусаў адзначаецца 2 траўня. Самыя раннія школьныя аўтобусы ў ЗША ўзыходзяць да пачатку XX стагоддзя, не ўлічваючы конныя экіпажы, што забiралі дзяцей з сельскай мясцовасці. У 1927 годзе Ford – ўладальнік дылерскага A.L. Luce – вырабіў кузаў для Ford Model T. Сучасныя школьныя аўтобусы таксама нагадваюць той арыгінальны дызайн. Жоўты колер афарбоўкі быў прыняты ў якасці стандарт-
нага для школьных аўтобусаў у Паўночнай Амерыцы ў 1939 годзе.

Школьныя аўтобусы згулялі велізарную ролю ў выхаванні дзяцей з бедных сем’яў з сельскай мясцовасці ва ўсім свеце. School Bus Drivers Day створаны ў 2009 годзе ў штаце Каліфорнія для ўсіх тых мужчын і жанчын, якія прысвячаюць сваё жыццё, каб дапамагчы дзецям даехаць у школу кожны дзень.

Як святкаваць гэты дзень? Адказ мы знайшлі ў адным перыядычным выданні: «У гэты дзень варта асабліва хваліць і дзякаваць вадзіцелям за іх працу. Вялікія жэсты не сутнасць гэтага свята, думаецца, большасць кіроўцаў школьных аўтобусаў не супраць атрымаць ключы ад Ferrari за дапамогу вашаму дзіцяці атрымаць адукацыю. Аднак скрыначка хатняга печыва будзе такім жа прыемным падарункам. Некалькі слоў удзячнасці вы можаце сказаць кіроўцу школьнага аўтобуса раніцай ці днём. Яны могуць быць самымi прыемнымi, што кіроўца пачуў за ўвесь дзень».

Кіроўцаў грузавікоў у ЗША шануюць на працягу тыдня. З 9 па 15 верасня Амерыка выказвае падзяку ўсім прафесійным кіроўцам фураў за іх напружаную працу і прыхільнасць у вырашэнні адной з самых складаных і важных задач эканомікі. Больш за 3,5 мільёна мужчын і жанчын штодзень не толькі бяспечна, надзейна і своечасова пастаўляюць тавары, але i вырашаюць шмат важных пытанняў.

Як адзначыць гэты тыдзень? Мы знайшлі 10 пажаданняў ад амерыканскіх кіроўцаў.

1. Прызы – штодзённыя розыгрышы ад радыястанцый ці кампаній. У канцы тыдня кіроўцы пажадалі, каб быў разыграны нейкі істотны галоўны прыз: паездка для дваіх на адпачынак, напрыклад.

2. Бясплатны абед. Калі справа даходзіць да ежы, лепш, калі гэта бясплатна – у адзін голас пагаджаюцца кіроўцы. Прапанова бясплатнага абеду на працягу тыдня – адно са святочных пажаданняў. Іншы варыянт заключаецца ў спакаванні абедаў для кіроўцаў у дарогу.

3. Падзяка ў пісьмовай форме. Адпраўка простай падзякі дамоў на імя сям’і кіроўцы неверагодна ўразіць яго родных. Асабліва калі гаворка ідзе непасрэдна пра па-
дзяку ад дырэктара. Сем’і кіроўцаў сапраўды ахвяруюць шмат, таму важна падзякаваць і іх.

4. Night Out. Арганізаваць вечар для кіроўцаў і членаў іх сем’яў са шведскім сталом, гульнямі і шанцамі на выйгрыш.

5. Дапамагчы з абслугоўваннем транспартнага сродку. Вымыць
вокны або знайсці іншыя спосабы, каб грузавікі выглядалі лепш, таму што кіроўцы ўспрымаюць грузавікі як свой дом.

6. Падарункі – рэчы, якія можна рэальна выкарыстоўваць у сваім прафесійным жыцці і палепшыць будні. Некаторыя ідэі: электрычная коўдра, бесправадная гарнітура Bluetooth, антыстрэспадушка,
душавыя наборы, аўдыёкніга і іншыя.

7. Радыёвіншаванні і падзякі вельмі важныя для кіроўцаў.

8. Спіс «для кіроўцы». Складзіце спіс усіх месцаў рознічнага гандлю і рэстаранаў, якія прапануюць спецыяльныя бонусы кіроўцам на працягу тыдня або месяца, і перадайце яго кіроўцам.

9. Размясціць відэавіншаванне ў сацыяльных сетках.

10. Go Beyond One Week – не абмяжоўвайцеся толькі адным тыднем. Не забывайце ацэньваць кіроўцаў круглы год. Выкарыстанне любога з пералічаных вышэй варыянтаў на працягу ўсяго года з’яўляецца выдатным спосабам, каб даць зразумець, наколькі сур’ёзна шануецца іх праца.

Было б варта расказаць і пра Правілы дарожнага руху, і пра асаблівасці жыцця аўтамабілістаў у розных штатах. Але ўважлівыя чытачы памятаюць, што падчас серыі публікацый «Аднапавярховая Амерыка» аўтамабільная тэматыка ішла чырвонай стужкай праз усе матэрыялы. Таму сёння мы раскажам пра недарэчныя нюансы, прапісаныя ў аўтамабільным заканадаўстве ЗША.

«Законапаслухмяныя злачынцы». У штаце Вашынгтон аўтамабільнае заканадаўства абавязвае патэнцыйных злачынцаў пры ўездзе ў любы горад на машыне неадкладна патэлефанаваць у паліцыю і паведаміць пра свой намер здзейсніць злачынства.

«Схаваць пад покрывам машыну ад коней». У штаце Пенсільванія заканадаўча прапісана, што ў выпадку сустрэчы на дарозе табуна коней неабходна спыніцца і абавязкова накрыць сваё аўто коўдрай. Калі яны не пажадаюць пераходзіць дарогу, хавайце машыну ў кустах любым магчымым спосабам.

«Сеў за руль – насі шкарпэткі». У штаце Алабама забаронена вадзіць аўто басанож. Гэтае правіла з’явілася пасля трагічнага ДТЗ са смяротным зыходам. Вінаваты ў аварыі распавёў, што не змог націснуць на педаль тормазу босай нагой з-за таго, што яна была занадта гарачай. Акрамя таго, у Алабаме кіроўцу забаронена ездзіць з павязкай на вачах альбо ў сонцаахоўных акулярах.

«Не вазіць гарылу на заднім сядзенні». У штаце Масачусэтс ніколі і ні пры якіх абставінах нельга вазiць на заднім сядзенні машыны гарылу. Калі гэта заўважыць паліцыя, вас не толькі аштрафуюць на некалькі сотняў даляраў, але і адбяруць вашага гадаванца.

«Ушчамленне правоў вярблюдаў». У штаце Невада афіцыйна дзейнічае забарона на кіраванне вярблюдаў па шашы. Пры гэтым не забараняецца вадзіць iх па абочыне. У выпадку парушэння вас чакае буйны штраф і нават канфіскацыя вярблюда.

Вот так жывуць кіроўцы ў Амерыцы. А наша «аднапавярховае» падарожжа яшчэ не скончана. Працяг чакайце ў наступных нумарах. А сёння – са святам, аўтамабілісты!

Працяг будзе.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий