Аднапавярховая Амерыка, ці Як перамагчы «Тэхаскага Караля»

Частка восьмая

Перад тым, як з’ехаць з Трасы 66 у накірунку нацыянальных паркаў: Гранд-Каньён, Акамянелы лес, Даліна Смерці, Іасеміці і Секвойя, мы рухаліся з Чыкага ў Лос-Анджэлес. Прапусціць штат Тэхас было нельга і немагчыма.

Тэхас знаходзіцца на самым поўднi ЗША. Амаль для ўсіх падарожнікаў ён вядомы гарачым норавам Дзікага Захаду, каўбоямі, ранча і вестэрнамі. Нам гэта месца спадабалася гасціннасцю мясцовых жыхароў і найпрыгажэйшым закатам. Акрамя таго, Тэхас знакаміты сваёй мяжой з Мексікай і наогул асаблівай гісторыяй іх адносін, так што мікс народаў з Мексікі і Амерыкі толькі надае яму асаблівай атмасферы. Знаходзячыся тут, заўважаеш, як мясцовыя любяць свой штат і як ганарацца сваім паходжаннем. Не проста так адзін з самых папулярных выразаў – Do not mess with Texas, што перакладаецца як «не звязвайцеся з Тэхасам».

На жаль, не было шмат часу, каб паглядзець увесь штат. Мы літаральна праслізнулі па паўночнай мяжы. Але першае, што зрабілі ў каўбойскім штаце, – «пабіліся з Тэхаскім Каралём». Big Texan Steak Ranch Restauran размешчаны ў горадзе Амарыла і з’яўляецца мясцовай славутасцю. Аматары мяса атрымліваюць тут гастранамічнае задавальненне вагой у 72 унцыі.

Першы рэстаран быў адкрыты ў 1959 годзе на тэрыторыі старых ваенных казармаў. Сёння ўстанова ўключае вялікае памяшканне з некалькімі заламі і краму, дзе можна набыць арыгінальныя сувеніры. На другім паверсе знаходзяцца залы вельмі сціплых памераў, у якіх ёсць асобныя тэатральныя ложы і даюць вячэрнія прадстаўленні. Увогуле, гэта тое месца, дзе адчуваеш Дзікі Захад і звонку, і ўнутры.

Знакамітай стравай рэстарана з’яўляецца велізарны, вагой у 72 унцыі (два кілаграмы, калі што), стэйк «Тэхаскі Кароль». Самае цiкавае ў гэтым – тое, што яго можна з’есці цалкам бясплатна, а яшчэ булачку з маслам, печаную бульбу, кактэйль з крэветак і салат. Уяўляеце? Умова простая: усю гэтую ежу трэба з’есці за гадзіну ці менш, але не больш. У адваротным выпадку ежа абыйдзецца вам у 72 даляры. Не кожны адважваецца кінуць такі выклік. Але ёсць героі – тыя, хто ў сумленным паядынку з’еў «Караля» разам са світай. З 70 тысяч прэтэндэнтаў каля 10 тысяч герояў паспяхова праглынулі стэйк, і іх імёны навечна занесены ў скрыжалі, размешчаныя ў рэстаране.

Горад Амарыла называе сябе геліевай сталіцай свету. Ёсць і іншыя мянушкі: «Жоўтая ружа Тэхаса» і «Бомб-сіці», апошняя – з-за адзінага ў краіне прадпрыемства зборкі-разборкі атамнай зброі, якое з’яўляецца і галоўным працадаўцам у Амарыла. У гістарычным раёне Трасы 66 праводзяць вулічныя кірмашы і выставы, тэатральныя прадстаўлення і музычныя падзеі; тут размешчана мноства крам і крамак, і ўсё гэта – у стылістыцы Старога Захаду. Мы ж накіраваліся да іншай славутасці Тэхаса – «Ранча Кадылак».

Марка «Кадылак» з’явілася ў ЗША ў пачатку XX стагоддзя. Яна хутка заваявала павагу як на амерыканскай зямлі, так і далёка за межамі кантынента. Лозунг аднаго з найстарэйшых аўтавытворцаў у свеце – «Жыццё, свабода і імкненне» – не толькі паўтарае радок з Дэкларацыі незалежнасці ЗША, але і знаходзіць жывы водгук у сэрцах амерыканцаў, для якіх слова «свабода» – больш, чым проста слова.

Мабыць, тыя ж ідэалы вызнавалі хлопцы з арт-групоўкі Ant Farm, калі задумалі зрабіць на тэхаскай зямлі жывое ўвасабленне свабоды, створанае са старых машын. Так на пшанічным полі ў 1974 годзе з’явілася «Ранча Кадылак».

Яно ўяўляла сабой дзесяць рэтрааўтамабіляў маркі «Кадылак», пад вуглом укапаных носам у зямлю і выбудаваных ў шэраг. Ёсць версія, што кут нахілу старых аўто роўны куце граняў піраміды Хеопса, але дакументальна гэта нідзе не пацверджана. Логіка пабудовы інсталяцыі простая да прымітыву: аўтамабілі размешчаны па старшынстве – ад самай вінтажнай мадэлі да самай новай. «Дзядуля» тэхаскага ранча – Club Sedan 1949 года выпуску – быў першым закапаны «па пояс» у пшанічнае поле. Замыкае рэтрааўтакалону Sedan de Ville 1963 года выпуску.

Сёння не вельмі зразумела, якая машына старэйшая – кузавы іх схаваны пад тоўстым пластом фарбы. Кожны турыст лічыць сваім абавязкам не толькі зрабіць шэраг фотаздымкаў на фоне «Кадылакаў», але і расфарбаваць аўтамабілі з дапамогай балончыкаў фарбы. Пакінулі свае надпісы і мы, але ўжо праз дзень наўрад цi нешта тут будзе нагадваць пра нас.

Знакавая кропка нашага падарожжа – сярэдзіна Route 66 – узняла тыя ж эмоцыi, якія поўнілі нас на пачатку нашай авантуры. За намі – 1139 міль гістарычнай Трасы 66, дзесяткі гарадоў, новыя знаёмыя і неверагодныя ўражанні ад сустрэчы з марай. Наперадзе нас чакаюць 1139 міль гістарычнай Трасы 66 з дзесяткамі гарадоў, новымі знаёмымі і неверагоднымі ўражаннямі ад сустрэчы з марай.

Спыніўшы на хвіліну час, мы накіраваліся далей – у штат Нью-Мексіка. Але па дарозе зразумелі: нам не хапіла тэхаскага настрою. Карта дапамагла знайсці Milburn Price Culture Museum. Там мы аказаліся адзінымі наведвальнікамі і зноў першымі беларускімі гасцямі. Уся ўвага гаспадара і цудоўная экскурсія па каўбойскім укладзе дасталася нам.

Музей нагадвае краяведчы музей любога беларускага мястэчка. Тут можна было надрукаваць паштоўку і прымерыць каўбойскі капялюш. У 30-х гадах ХХ стагоддзя пылавыя буры накрылі Тэхас. Прычынай было засваенне Вялікіх раўнін, якое пачалося толькі ў другой палове XIX стагоддзя, развіццё чыгуначнай сеткі. Асноўным заняткам пасяленцаў першапачаткова была жывёлагадоўля, але ў 1890 годзе з-за перавыпаса адбываецца пераход да земляробства.

Новая хваля перасялення і рэзкага павелічэння плошчы раллі адбываецца пасля Першай сусветнай вайны, калі цэны на збожжа выраслі. У 1932 годзе было зафіксавана 14 пылавых бур, у 1933-м – 38. Найбольш моцныя мелі месца ў траўні 1934-га і красавіку 1935-га. Вялізныя масы глебы здзімаліся вятрамі, не сустракаючы перашкод у пазбаўленых натуральнай расліннасці і разараных прэрыях, пераносіліся ў выглядзе чорных аблокаў на вялікія адлегласці – аж да Атлантычнага акіяна.

14 красавіка 1935 года з-за таго, што хмары пылу захілілі сонечнае святло, атрымала назву «Чорнае нядзеля». Узімку 1934–1935 гадоў у Новай Англіі выпаў снег, чырвоны ад пылу. Сярод насельніцтва прэрый, асабліва ў Канзасе і Аклахоме, атрымала распаўсюджванне пылавая пнеўманія.

Страшэнныя падзеі памятаюць жыхары і па сённяшні дзень. Як напамін пра наведванне Тэхаса ў нас засталіся не скураныя каўбойскія боты, а шклянка з пяском, які прынесла сюды пылавая бура амаль 90 год таму.

Welcome to New Mexica! – вітае разнакаляровы надпіс. Што ж, наперад, знаёмства з сонечным штатам абяцае быць незвычайным.

Таццяна СЯМАШКА

Працяг будзе

Добавить комментарий