Аднапавярховая Амерыка

Што прадаў Напалеон амерыканцам

Частка чацвёртая.

У трэцяй частцы падарожжа мы дазналіся, чаму штат Ілінойс называюць «Зямля Лінкальна». Калі ў вас няма папярэдняга нумару, паведамляем: шаснаццаты прэзідэнт Злучаных Штатаў нарадзіўся і пачаў сваю прафесійную дзейнасць у гэтых мясцінах. А зараз мы накіроўваемся ў сталіцу штата Ілінойс.

Горад Спрынгфілд мае неўнікальную назву. На мапе Злучаных Штатаў можна знайсці яшчэ мінімум пяць такіх назваў. Спрынгфілд не мае сусветную вядомасць. Падчас размовы пра штат Ілінойс замежнікі ў першую чаргу ўзгадваюць Чыкага. Тым не менш Спрынгфілд з’яўляецца сталіцай штата. Тут знаходзіцца капітолій, працуе ўрад. У Амерыцы сталіцай штата прызначалі невялікія гарады без гучнай сусветнай славы. Ці ведаеце вы сталіцу Каліфорніi? Ці здагадваецеся пра горад, які з’яўляецца сталіцай штата Нью-Ёрк? Мяркуем, што першы ваш адказ быў: Сан-Францыска ці Лос-Анджэлес, а другі – Нью-Ёрк. На жаль, мы вас засмуцім. Сталіцай Каліфорніі з’яўляецца горад Сакрамента, а сталіца Нью-Ёрка – горад Олбані.

Усе кропкі над «і» паставілі. Прыйшоў час ісці на вячэрні праменад па Спрынгфілду. Цэнтр горада нагадваў дэкарацыі да фільма, які мог мець назву «Аднойчы ў Амерыцы канца дзевятнаццатага стагоддзя». Двух-, трохпавярховыя дамы туліліся адзін да аднаго, абрамляючы плошчу. Яны быццам імкнуліся стаяць у першым шэрагу і дэманстраваць праз шкло вітрынаў лепшыя тавары і толькі якасныя паслугі. Гараджане таксама імкнуліся апрануцца па апошняй модзе і прайсціся па плошчы, ветліва вітаючы знаёмых і кіраўніцтва горада. Гэтыя вобразы мы малявалі ў сваім уяўленні, калі ішлі па пустой цэнтральнай плошчы, калі фатаграфаваліся з бронзавымі скульптурамі сям’і Лінкальна і калі імкнуліся разглядзець у промнях заходзячага сонца аздабленне вітрын. У рэальнасці крамы былі ўжо зачынены, а на вуліцах не было жыхароў. Чаго не скажаш пра могілкi (!) Оўк-Рыдж. Тут не толькі знаходзіцца магіла Лінкальна з вялікім манументам, але і закладзены парк на беразе возера. У парку-могілках мясцовыя жыхары бавяць час, а турысты наведваюць мемарыял у гонар Лінкальна і труць нос «на поспех» бронзаваму помніку прэзідэнта.

Раніцу наступнага дня мы сустрэлі ў гора-дзе Сэнт-Луіс, штат Місуры. Горад названы так ў гонар караля Францыі Людовіка IX, які быў вядомы, як святой Луіс. У 1803 годзе Злучаныя Штаты набылі ў Францыі землі Луізіяны. У той час Напалеон меў патрэбу ў грошах і пагадзіўся прадаць свае каланіяльныя ўладанні. Са з’яўленнем першых параходаў у 1817 годзе Сэнт-Луіс стаў важным цэнтрам гандлю. Галоўнай знакавай славутасцю горада з’яўляецца манумент Gateway Arch, які фарміруе вонкавае аблічча горада. Ён пабудаваны ў 1968 годзе. «Брама на Захад» – самы высокі манумент на тэрыторыі ЗША: вышыня – 630 футаў, ці 192 метра.

У Сэнт-Луісе размяшчаюцца дзве буйныя каманды Злучаных Штатаў: бейсбольная «Сэнт-Луіс Кардзіналс» і хакейная «Сэнт-Луіс Блюз». Клуб «Кардзіналс» заснаваны ў 1882 годзе. На думку шматлікіх аглядальнікаў, заўзятары ў Сэнт-Луісе вельмі добра разбіраюцца ў гульні. Сэнт-Луіс нават атрымаў неафіцыйную назву горада бейсбола ЗША. Дзякуючы выдатнай атмасферы многія бейсбалісты згаджаліся гуляць за «Кардзіналс» нават за больш нізкую зарплату, чым ім прапаноўвалі ў іншых клубах. З васьмі каманд, якія гулялі ў Нацыянальнай лізе з самага пачатку, «Сэнт-Луіс Кардзіналс» апошнімі выйгралі тытул пераможцы лігі, але яны выйгралі сусветную серыю ў першы сезон на новым бейсбольным стадыёне. Увогуле каманда станавілася пераможцам Сусветнай серыі 11 разоў. Бейсбол і амерыканскі футбол успрымаюцца як неафіцыйныя сімвалы ЗША.

Нават не разумеючы, што адбываецца ў іх на футбольным або бейсбольным полi, мы ведаем: амерыканцы калекцыянуюць карткі з партрэтамі гульцоў, дораць адзін аднаму квіткі на матчы любімых клубаў, беражліва захоўваюць мячы і пальчаткі з аўтографамі спартсменаў, а на гульню студэнцкіх каманд у ЗША можа сабрацца шасцізначная колькасць гледачоў. На дамашнім стадыёне «Сэнт-Луіс Кардзіналс» мы адчулі сапраўдную любоў амерыканцаў да бейсболу. З васьмi гадзін раніцы вакол стадыёна збіраліся людзі: займалі чаргу за квіткамі, рыхтавалі атрыбутыку да вячэрняй гульні, абмяркоўвалі гульню сапернікаў. Нас тым часам чакалі дарогі штата Місуры.

Навігатар зноў праклаў маршрут па новай хуткаснай шашы. Мы выбралі гістарычную Трасу 66 і ніколькі не пашкадавалі. Паабапал дарогі масіўныя платаны стульваюць кроны ў адзіны шацёр, які быццам хавае Трасу 66 ад лішніх позіркаў. Схаваны ад мітусні жыве і Cuba. Жыхары горада ў канцы XX стагоддзя запрасілі мастакоў, якія размалявалі дамы ўздоўж цэнтральнай вуліцы. Муралы расказваюць гісторыю развіцця горада з даты яго заснавання ў 1857 го-дзе. Ёсць тут і помнік гігантаманіі амерыканцаў – 42-футавае чырвонае крэсла. Самае буйное хісткае ў свеце крэсла пабудавана ў 2008 годзе. Кожны год у свой дзень нараджэння аўтар падымае турыстаў пагушкацца на крэсле. Яно, прынамсі, занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Пару міль на паўночны ўсход – і ў непасрэднай блізкасці ад Шашы 66 мы напаткалі горад-прывід Red Oak II. Старыя будынкі, старыя могілкі толькi на першы погляд выглядаюць як горад-прывід, але гэта не зусім так. Red Oak II з’яўляецца стварэннем мастака Лоуэла Дэвіса.З ім мы пазнаёміліся, калі разглядалі паўлінаў на двары аднаго з дамоў.

Дэвіс вырас у рэальным Red Oak. Але той горад знаходзіцца каля 18 міляў на паўночны захад ад новага Red Oak II і, як i многія іншыя сельскія аграгарадкі пасля Другой сусветнай вайны, пачаў знікаць. У 1970-х гадах Дэвіс вырашыў вярнуцца ў свой родны горад, але знайшоў горад-прывід. Мужчына застаўся жыць на ферме трохі больш, чым пустое кукурузнае поле. Яго творчае натхненне дапамагло ператварыць пасяўныя плошчы ў Red Oak II. Ён пачаў купляць дамы, прылады працы, тэхніку і крапатліва аднаўляць іх першапачатковую веліч. Сёння кожны з будынкаў у Red Oak II знаходзiцца ў прыватнай уласнасці. У яго горадзе ёсць Phillips 66 станцыі, стары будынак школы, магазін, сталовая, ратуша, турма і некалькі дамоў. У кузні прадзед Дэвіса калісьці практыкаваў свой гандаль, а крама была запушчана яго бацькам. Абодва будынкі былі перамешчаны з арыгінальнага Red Oak. Візіт у Red Oak II атрымаўся яркім шпацырам па мінулым і прыемнай размовай з чалавекам, які зберагае асабістае мінулае для грамадства.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий