Восень у Нью-Ёрку

(частка першая)

Горад Нью-Ёрк незвычайны. Ён блытае i натхняе, забірае энергію i стымулюе бегчы наперад – да перамог. Але паветра свабоды тут адчуваецца, як нідзе больш. Тое, як людзі сябе нясуць, як яны глядзяць, як паводзяць сябе… Гэта лепшы горад для тых, каму падабаецца гарадское жыццё, хто шануе наяўнасць выбару, каму камфортна ў віры энергій, вібрацый, каго вабяць новыя досведы, людзі, усё перадавое і дзёрзкае.

Дзе лепш праводзіць восень у Нью-Ёрку? Скуль нам ведаць, адкажуць нашы чытачы – мы там ніколі не былі! Выбачаемся: пазней арганізуем невялікае падарожжа па раёнах і славутасцях не сталіцы ЗША. Але ж дзякуючы шматлікім амерыканскім фільмам кожны з нас аднойчы цi не раз шпацыраваў па Брадвею альбо губляўся на Таймc-сквер, сустракаўся на спатканні ля Бруклінскага маста цi настальгаваў па СССР на Брайтан-Біч.  Восень у Нью-Ёрку асабіста ў мяне спалучаецца з кубачкам кавы са «Старбакс» i няспешным шпацырам па жоўтым лісцi ў Цэнтральным парку Нью-Ёрка.

Цэнтральны парк знаходзіцца ў раёне Манхэтэн. Мясцовыя жыхары прыязджаюць сюды не толькі для таго, каб палюбавацца прыродай (і пакарміць вавёрак) – яны тут зай-

маюцца спортам, ладзяць пікнікі і сустракаюцца з сябрамі.

Нароўні з хмарачосамі Цэнтральны парк лічыцца сімвалам Нью-Ёрка. Гэты вялізны зялёны прастакутнік паказвае, што не ўсё ў свеце вымяраецца грашыма: можна толькі меркаваць, колькі дзясяткаў мільярдаў даляраў каштуе зямля, на якой сёння растуць рэліктавыя дрэвы. Ідэя стварэння на Манхэтэне агульнадаступнага месца адпачынку ўпершыню была агучана ў 40-х гадах XIX стагоддзя журналістамі газеты Evening Post. Ідэю падхапілі мясцовыя жыхары, і ў 1853 г. гарадскія ўлады выдалі пад будоўлю прастакутны ўчастак памерам  300 гектараў (плошча парка Горкага ў Мінску складае 28 гектараў, у Маскве – 210 гектараў).

Каб абыйсці парк па перыметры, спатрэбіцца гадзіны дзве-тры. Каб уволю пагуляць па ім, патрэбен як мінімум дзень. Гэты парк – глыток свежага паветра і месца, дзе забываецца шум мегаполіса. І яшчэ тут можна ўбачыць неба, якое сярод хмарачосаў убачыць немагчыма, а ўпрыгожыць вашы назіранні за небам музыка вулічных музыкантаў. Асцерагайцеся ровараў і бегуноў, якіх тут больш, чем вавёрак. Веларух арганізаваны па веладарожках, таму дастаткова не трапляць на іх, калі проста шпацыруеце. У кастрычніку – лістападзе горад пачынае рыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстова. Нягледзячы на тое што ў гэты перыяд тэмпературы не халадней за + 10, а часам і +17 градусаў, у Цэнтральным парку заліваюць велізарны каток – так-так, той самы, які паказваюць у адным з самых навагодніх фільмаў «Адзін дома». Каштуе пракат канькоў кожны год па-рознаму, але прыблізна 25–30 даляраў (час пракату не лімітаваны), а калі ёсць свае канькі – уваход вольны.

За мяжой парка пачынаецца сапраўднае жыццё Манхэтэна, якi восенню таксама набывае асаблівую прывабнасць. Ці бачылі вы ў фільмах, як з-пад зямлі ў Нью-Ёрку выходзіць пар i паласатыя трубы, з якіх ён часам валіць вельмі моцна? Пар валіць з труб, таму што ў горадзе дастаткова рэдкая сістэма ацяплення. Сістэма парападачы ў дамы працуе ў горадзе з 1882 года. З цэнтральнай станцыі пар разыходзіцца па трубах ва ўсе буйныя будынкі Манхэтэна. Гэтая сетка – найбуйнейшая ў свеце. Яна расцягнулася на 170 кіламетраў. Мала таго, каб вы разумелі яе маштабы: калі ўзяць дзесяць самых буйных параразмеркавальных сістэм у свеце, нью-ёркская будзе на першым месцы і большай, чым усе астатнія дзевяць, разам узятыя. Ад пара на вуліцах восенню і цёпла, і атмасферна.

Вулічны рух у горадзе, калі сказаць інтэнсіўны – можна яго пакрыўдзіць. Лепш сказаць – хаатычны: калі вам патрэбна перайсці вуліцу – перабягайце, калі стаіць пробка – падганяйце тых, хто наперадзе, сігналам. Сістэма грамадскага транспарту ў Нью-Ёрку наладжана добра. Усяго 2,75 даляра каштуе праезд на метро ці аўтобусе ў любую частку горада. Да пацукоў у метро рыхтуйцеся зага-

дзя, не палохайцеся самога метро: яно цёмнае, без упрыгожванняў і, канешне, размаляванае графіці. Жыхары Нью-Ёрка называюць лініі метро trains (цягнік). Нью-Ёркскі метрапалітэн налічвае 468 станцый і 24 розныя лініі. Маршруты можна распазнаць па літарах A, B, C або нумарах 1, 2, 3 і гэтак далей. Гэтыя маршруты злучаюць Бронкс, Манхэтэн, Бруклін і Куінсі. У гадзіну пік цягнікі ходзяць кожныя 5 хвілін, на працягу дня – праз 10–15, а ўначы кожныя 20 хвілін. Час найбольшай загружанасці метро на працягу тыдня  – з 7.30 да 9.30 і з 16.30 да 18.30. У начны час лепш скарыстацца таксі.

Зразумець, як правільна карыстацца метро, не вельмі проста. Для пачатку спатрэбіцца карта маршрутаў яго ліній. Яны бясплатна даступныя на многіх станцыях. Па карце знайсці самую прыдатную станцыю метро – гэта проста, далей – цікавей. Калі прыпынак адзначаны чорнай кропкай – па ёй ходзяць мясцовыя цягнікі, калі кропка белага колеру – цягнікі-экспрэс. Мясцовыя цягнікі спыняюцца на кожным прыпынку, цягнікі-экспрэс – на некаторых станцыях. Пасля таго як вы высветлілі, якая лінія метро вам пасуе, знайдзіце бліжэйшую для вас станцыю. Часам прыдзецца паблукаць на лесвіцах і переходах. Таму падарожнічайце ўлёгцы.

Нью-Ёрк мы вышэй назвалі не сталіцай ЗША – нашы чытачы ведаюць гэта, але горад настолькі вялікі, магутны і папулярны,  што спакуса назваць яго галоўным горадам краіны не знікае.

Словазлучэннi «Вялікi яблык» і «Каменныя джунглі» ужо даўно выкарыстоўваецца для абазначэння Манхэтэна, а часам і Нью-Ёрка ў цэлым. Існуе тры галоўныя версіі, чаму горад раптам стаў яблыкам. Першая: нібыта ўпершыню «Вялікім яблыкам» горад назваў спартыўны аглядальнік газеты New York Morning Telegraph Джон Фіцджэральд. Ён пісаў калонку аб чарговых скоках, якія ў той час праходзілі па ўсёй Амерыцы, і назваў яе «Вакол Вялікага яблыка». Патлумачыў журналіст гэта тым, што коні любяць яблыкі, а скокі ў Нью-Ёрку, па словах жакеяў, – гэта «вялікi яблык». І хоць гэта ўсяго толькі версія, у свой час яе настолькі раскруцілі турыстычныя агенты, што ў 1997 годзе кут east 54 st і Брадвея, дзе жыў той самы спартыўны аглядальнік, па загаду мэра назвалі «Кутом вялікага яблыка». Па іншай версіі, выраз узнік у асяроддзі джазавых музыкаў. Нібыта яны настолькі любілі Нью-Ёрк за спагадлівую публіку і добрыя чаявыя, што сярод джаз-бэндаў нават нарадзілася прымаўка: на дрэве поспеху шмат яблыкаў, але калі табе ўдалося заваяваць Нью-Ёрк, табе дастаўся вялікi яблык. А вось у экскурсаводаў з Брайтан-Біч, вядома, ёсць свая, адрозная ад усёй Амерыкі версія. Яны распавядаюць, што Нью-Ёрк назвалі «яблыкам» толькі таму, што першае дрэва, якое пасаджана першымі перасяленцамі, якое дало плён, было яблыняй.

Давайце ў наступны раз і адправімся на Брайтан-Біч, каб праверыць, як там сустракаюць восень былыя нашы суайчыннікі. Да сустрэчы!

Таццяна ПАШКЕВІЧ

Добавить комментарий