ПРЫГАЖОСЦЬ, ЯКАЯ ПОБАЧ

Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…

Перш чым перабрацца на пастаяннае месца жыхарства ў Баранавічы, мы ўсёй сям’ёй выбіралі раён згодна з нашымі матэрыяльнымі магчымасцямі. І выбралі спальны. Ён ціхі, спакойны, жывуць тут у асноўным пенсіянеры.

Цвіце ліпа

Цвіце ліпа

А шостай гадзіне раніцы я накіроўваюся на прагулку. Яшчэ чыстае і свежае пасля ночы паветра. Яно, па Лермантаву, як пацалунак дзіцяці. Тым больш летам, калі цвіце ліпа. Яе водарам дыхаць лёгка і прыемна.

Дом у завулку Сонечны

Дом у завулку Сонечны

Праз некалькі гадзін мая вандроўка не будзе мець сэнсу.Цяпер амаль ля кожнай хаты стаіць легкавушка, а то і дзве-тры. Па нашым прыватным жыллёвым сектары з-пад колаў машын такія ўздымаюцца воблакі пылу, што закрываюць усю прастору аж да неба. Летам гаспадыні вымушаны шчыльна закрываць форткі, а бялізну сушыцца вешаюць толькі на ноч. Госці горада не зайздросцяць мясцовым жыхарам, якіх ужо пакінула надзея, што калі-небудзь да іх прыйдзе цывілізацыя. Бо такіх перыферыйных вуліц у Баранавічах, мабыць, з паўсотні.

Мой маршрут пачынаецца з вуліцы Лясной. Праз 0,5–0,7 км я спыняюся пад ліпай на вул. Слаўнай. Адпачываю на лавачцы. Затым па вулiцах Крайняя і Вербная накручваю яшчэ 1 км ці болей. Па дарозе сустракаюцца цікавыя відовішчы. Вось у машыне спыніўся на начлег малады чалавек. Чаму ён не пайшоў дахаты?..

І плыве-плыве па вуліцы водар ліпы. Так і цягне на верш. //Ліпень адметны для Айчыны.//Гонар для душы і сэрца//.Водар ліпы хваляй л’ецца// Плыве ў хаты і машыны.// Зразумела, чаму пры польскай уладзе ў кожным маёнтку вуліца была абсаджана ліпамі – панства выходзіла на ранішнія і вячэрнія прагулкі. Проста дзеля асалоды ды здароўя.

Ёсць яшчэ адна прычына, чаму я гуляю вельмі рана. Таму што люблю цішыню. У такіх абставінах прыходзіць натхненне. Седзячы на лаўцы ці ў няспешнай хадзе, складаю новыя вершаваныя радкі. Вярнуўшыся дахаты, сядаю за камп’ютар і пераношу вершы на паперу. Вось як я напісаў пра маладога начлежніка ў машыне.

Вы шуміце, шуміце

Нада мною, бярозы.

Калыхайце, люляйце,

Калі ласка, зямлю.

А я лягу-прылягу

Пасля цяжкай дарогі,

Бо, стаміўшыся крышку,

Я гадзінку пасплю.

А стамленыя рукі

Па сядушцы раскіну.

Нібы гэта ў даліну,

Вольна я палажу.

Ды памытыя ногі

Я ў фортку закіну.

Гэта хоць не дыван,

Хай накрые туман.

Што і казаць, мяне вабіць наваколле. Тутэйшыя людзі любяць чысціню і прыгажосць. Не выключэнне і гаспадары дома па завулку Сонечнаму. Тут многа духмяных кветак. Любяць мясцовыя жыхары і жыўнасць. Аднойчы малады сабака, шукаючы ласунак, пераскочыў праз мой амаль двухмятровы плот. Ды няўдала. Ён уваліўся ў ёмістасць для дажджавой вады. Зразумела, бачок разляцеўся на дробныя часткі. Добра, што яны не паранілі бедную жывёліну, якая ўвесь час галадуае і вые па раніцах. Мне даводзіцца абмінаць дамы з сабакамі. Бо калі адзін з іх пачне, дык неўзабаве ўсе такі лямант падымаюць па ваколіцы, што нават мёртвыя гатовыя паўстаць. А вось аўчарка праводзіць чалавека моўчкі. З ёю можна нават пагутарыць.У знак згоды яна махае галавой.

Шмат жыўнасці ў становішчы бязхознай. Чорнага ката пакідае гаспадыня на волю лёсу, калі ад’язджае на паўгода ці болей у Расiю на заробкі. Быццам яна там посуд мые. Дык там ёй няблага на кухні перападае. Таму кабета сем пудоў сама меней важыць. А коціка вецер здувае.

Гаспадыні раніцай выстаўляюць смецце на вуліцу.Каля кожнай хаты – шмат розных вузялкоў, скрынак, вязанак… А машына камунгаса не мае дакладнага часу, каб пазбіраць гэтае смецце. Тым часам зграя галодных дамашніх драпежнікаў раздзірае мяхі і раскідвае смецце па ўсёй вуліцы. І нельга адвучыць гэтых няпрошаных «гасцей» ад такога занятку. Застаецца бездапаможным гаспадыням толькі ў роспачы плакаць.

Канстанцiн СТАНКЕВIЧ