Калі на кактус выпаў снег

Аднапавярховая Амерыка

Частка дзевятая. Калі на кактус выпаў снег

Нагадаем чытачу, што працягваецца наша падарожжа па Злучаных Штатах Амерыкi. Для першага знаёмства з гэтай краiнай мы сiмвалiчна выбралi Route 66. Гэту дарогу называюць «Мацi дарог Амерыкi». Яна непарыўна звязана з гiсторыяй краiны i з лёсам мiльёнаў амерыканцаў. Наша падарожжа пачалося ў Чыкага. У прошлой частцы мы праехалi кнопку сярэдзiны Трасы 66 i зараз рухаемся на захад.

Welcome to New Mexica – нас павiтаў на ўездзе ў штат каляровы сцяг. Ён уяўляе сабой сімвал Сонца індзейцаў зiа. Жоўты і чырвоны колеры адпавядаюць гістарычнаму іспанскаму «Бургундскаму крыжу». Яго выкарыстоўвалі канкістадоры ў час заваёвы гэтых тэрыторый. Безумоўны уплыў на культуру i звычаi штата i сёння, i дагэтуль аказвае суседка-Мексiка. У аўтамабiльным музеi Route 66 у Нью-Мексiка, напрыклад, мы заплацiлi па 4 даляры з чалавека за агляд экспазiцыi. У iншых штатах усе музейныя плацяжы былi добраахвотнымi. На аўтазапраўках кампанii пажылых мексiканцаў гулялi ў карты i ўважлiва разглядалi кожнага незнаёмца. Пошукi прадуктовай крамы мы даверылі Google.maps. Месца, дзе спынiў нас навiгатар, было больш падобна на кулiнарыю з асноўнай стравай – на гадзiну. Доўгая чарга мясцовых жыхароў цягнулася да повара, якi iнтэнсiўна раскiдваў па талерках нешта падобнае на плоў. Недзе ў гэтых краях мы пракалолi адно кола. Аб гэтым нас абвясцiў бартавы камп’ютар. Спынiлiся каля палаткі з надпiсам Autoservice, каб падкачаць кола i не марнаваць час на замену. Супрацоўнiкi СТА здзiвiлiся нашай самастойнасцi ў такой справе. Але, на жаль, праз сотню кiламетраў прышлося ўсё ж замянiць кола, а затым працягваць падарожжа ў адзiн з самых прыгожых i старажытных гарадоў Злучаных Штатаў.

Горад Санта-Фе – буйны турыстычны цэнтр, які можа прапанаваць падарожніку выдатную архітэктуру каланіяльных часоў, мноства славутасцяў, каларытных пейзажаў і старадаўніх музейных экспазіцый. Але без прыгод не абышлося. Пайшоў снег. Так, у Нью-Мексiка ў красавiку на кактусы i кветкi пасыпаўся буйны снег. У момант дарога пабялела. Было не зусiм зручна ехаць па снезе на летнiх шынах – дапамагаў поўны прывад. Быццам бачым, што за намi па дарозе едзе снегаачышчальная машына. Было б не дзiўна, калi б снег быў тут звычайнай з’явай. Але ж не, з’яўленне снегаачышчальнай машыны – просты прыклад аператыўнага рэагавання службаў у ЗША.

У Санта-Фе жыхары фатаграфавалi снег. Дзякуючы ўсiм iндзейcкiм багам хутка выйшла сонца. I мы ўбачылi кафедральны сабор Cент-Фрэнсіс з самай старой статуяй Мадоны ў Паўночнай Амерыцы (1625 г.). Атрымалi асалоду ад Road Canyon – вулiцы з сотняй мастацкіх галерэй i кварталаў саманных будынкаў мясцовай архітэктуры ў Старым горадзе. Паводле мясцовых законаў, нават новабудоўлi павінны абавязкова несці ў сваім абліччы элементы стылю пуэбла.

Санта-Фе лічыцца трэцяй па сваіх маштабах мастацкай пляцоўкай у краіне пасля Нью-Ёрка і Лос-Анджэлеса. Тут працуюць 250 музеяў і выставачных пляцовак.

Архітэктура наступнага наведаннага намi горада – Albuquerke i архiтэктура Санта-Фе вядома іспанскім уплывам. Прыгожую карцiну дапаўняе рака Рыа-Грандэ. Згодна найбольш распаўсюджанай версіі, горад назвалі ў гонар дзяржаўнага дзеяча Іспаніі, віцэ-караля Мексікі, графа Альбукерке. Горад заснаваны ў 1706 годзе. Альбукерке за апошнія гады праславіўся тым, што менавіта тут разгортваецца дзеянне серыяла «Ва ўсе цяжкія» (Breaking Bad). Не дзіва, што колькасць турыстаў сюды вельмi павялічылася. І не толькі таму, што ў гэтым горадзе ёсць магчымасць адчуць сябе героем крымінальнай гісторыі, але і таму, што дзякуючы серыялу ўвесь свет даведаўся, якія прыгажосці тут чакаюць падарожнікаў. Старыя кварталы да гэтага часу захоўваюць аблічча даўнiны: брукаваныя вулачкі, царквы, старадаўнія хаты, лаўкі з гліны. Звязкi вострых чырвоных перцаў чылi сушацца на вокнах i дапаўняюць каларыт вулiц.

Нью-Мексiка не пакiнула нас абыякавымi. Каляровы мiкс Aмерыкi i Мекciкi з нялёгкай гiсторыяй народаў пуэбла, наваха, апачы, каманчы захапляе. Пасяленне Таос-Пуэбла – гэта вёска ў рэзервацыі, дзе індзейцы ўзвялі арыгінальныя будынкі i захоўваюць старажытныя звычаі і ўклад жыцця. Цiкава, што ўнікальныя атмасферныя ўмовы Нью-Мексіка сталі прычынай выдатнага астраклiмата ў рэгіёне. У штаце размешчана больш за дзесяць выдаленых абсерваторый, якія з’яўляюцца аб’ектам паломніцтва аматараў астраноміі.

А мы накiроўваемся ў горад, у якiм што здараецца, тое там i застаецца. Чакай нас, Лас-Вегас!

Таццяна СЯМАШКА

Працяг будзе

Добавить комментарий