Дзе смачнейшы крабавы суп?

Аднапавярховая Амерыка

Частка адзінаццатая.

Вітай нас, Каліфорнія! – з такім заклікам мы працягваем падарожжа беларусаў па Злучаных Штатах Амерыкі. Зазначым: Траса 66 пайшла на поўдзень, калі мы выбралі кірунак на Сан-Францыска. Аднак з Маці дарог Амерыкі мы зноў сустрэнемся ў Лос-Анджэлесе. На гадзінніку – 22.30, і мы ўжо тры гадзіны ў дарозе. Без перапынку рушым, пяем песні, марым пра сон і чакаем сустрэчу з «горадам у стылі дыска». Яшчэ праз дзве гадзіны навігатар нас прывядзе да гатэля.

У Сан-Францыска ёсць два вядомыя масты: Golden Gate Bridge і Bay Bridge. Яны працуюць у платным рэжыме на ўезд у горад. Кошт праезду праз Golden Gate Bridge – складае 7 даляраў, а праз Bay Bridge – ад 4 да 6 даляраў. Вы можаце заплаціць толькі двума спосабамі: калі на вашым аўтамабілі ўсталявана сістэма FasTrak ці калі ў вас ёсць наяўныя грошы. Крэдытныя карткі на пункце пропуску не прымаюцца. Калі ў вас не хапае нават некалькіх цэнтаў, каб аплаціць поўны кошт праезду, вам будзе выпісаны ticket. На першы раз яго кошт складае 25 даляраў. Калі вы патрапiце ў такую ж сітуацыю паўторна, кошт штрафу будзе складаць 75 даляраў. Мы выбралі дарогу ў аб’езд платных мастоў i не згубiлi нi ў часе, нi ў мiлях. Познi заезд у гасцiнiцу дапоўнiўся доўгiмi пошукамi парковачнага месца.

Новы дзень сонцам распачаў знаёмства з горадам. Чытач нам не даруе, калi яно пачнецца не з маста Golden Gate Bridge.

Вісячы мост праходзіць праз праліў Залатыя Вароты і злучае Сан-Францыска з паўднёвай часткай акругі Марыны. З 1937-га – года адкрыцця – і да 1964-га Залатыя Вароты з’яўлялiся самым вялікім вісячым мостам у свеце. Яго даўжыня складае 1970 метраў, вышыня – 230 метраў, а маса – 894 500 тон.

Праект быў падрыхтаваны інжынерам Джозэфам Строўсам, а ўсе матэматычныя вылічэнні зроблены Чарльзам Элісам. Вялікай увагі заслугоўвае той факт, што пры канструяванні не выкарыстоўвалася ніякая вылічальная тэхніка, а ўсе разлікі ажыццяўляліся з дапамогай арыфмометра і лагарыфмічных лінеек.

Адказным за эстэтычны воблiк быў Iрвiнг Марроў. Ен выкарыстаў у дызайне стыль арт-дэко. Каб пазбегнуць карозіі металу, мост з самага пачатку быў выфарбаваны аранжава-чырвонай фарбай, так як у склад гэтых фарбавальнікаў уваходзіць свінцовы кампанент, які прадухіляе іржаўлення. Жыхары Сан-Францыска любяць жартаваць: на мосце ніколі не сканчаюцца рэстаўрацыйныя работы, бо толькі маляры даходзяць да яго канца, як пачатак зноў мае патрэбу ў афарбоўцы. Калi мы паднялiся на мост, таксама пабачылi фарбоўшчыкаў. Яны ахвотна пазiравалi на фотакамеры i размаўлялi з турыстамi пра жыццё. Мы прайшлі мост туды-назад пешшу. Пешаходам тут трэба быць уважлiвымi, а веласiпедыстам – цярлiвымi. Першыя захапляюцца краявiдамi, а другiя напружана трымаюць руку на тормазе, каб не збiць разявак.

Уволю нагуляўшыся па Golden gate bridge, мы накiравалiся вывучаць транспартную славутасць Сан-Францыска – трамваi. У горадзе – тры сістэмы трамваяў. Самая старая з іх і самая знакамітая – сетка  cable cars. У адрозненні ад гістарычных трамваяў F-line, гэтыя мілыя старыя вагончыкі больш з’яўляюцца забавай для турыстаў.   Унікальнасць  сістэмы лінных трамвайчыкаў цікава з інжынернага пункта гледжання.

Як можна здагадацца па назве, скакун на трамвай рухаецца за кошт троса, які цягнецца па ўсёй даўжыні яго маршруту. Сталёвы трос дыяметрам у паўтара цалі праходзіць пад зямлёй, у спецыяльнай канаўцы паміж трамвайнымі рэйкамі. Калі туды зазірнуць, яго выдатна відаць – ён заўсёды рухаецца з пастаяннай хуткасцю: каля 15 кiламетраў у гадзiну.

Адпаведна ў саміх вагончыках адсутнічае які-небудзь матор – каб ехаць, яны чапляюцца за гэты трос адмысловым заціскам. Калі трэба спыніцца, кандуктар адкрывае заціск i прыводзіць у дзеянне тармазы. Заціск зверху вузкі, каб пралезці ў шчыліну паміж рэйкамі, а знізу – падобны на кулак, якім і хапаецца трос.

Першы скакун на трамвай з’явіўся ў Сан-Францыска ў 1873 годзе. У цэнтры горада шмат вельмі стромкіх пагоркаў, па якіх цяжка было падымацца пешаходам і конным павозкам. Трамвайчык, цяглы тросам, вырашаў гэтую праблему. Першая лінія была вельмі прыбытковай. За наступныя дваццаць гадоў у горадзе былі пабудаваны 23 лініі ліннага трамвая.

У самым канцы XIX стагоддзя сталі з’яўляцца электрычныя трамваі, да якіх мы ўсе прывыклі. Гарадскія ўлады палічылі, што будаваць такія лініі ў два разы танней лінных, а кошт іх утрымання наогул быў у шэсць разоў ніжэй. Таму да 1912 году ў Сан-Францыска засталося толькі восем лінных ліній. Затое ўсе яны караскаліся на знакамітыя тутэйшыя пагоркі. Электрычныя трамваі папросту не маглі адолець такія стромкія схілы. Максімальны нахіл – 21 градус.

На сённяшні дзень працуюць тры лініі. Вагоны ходзяць павольна, з частымі прыпынкамі. Кошт паездкi складае 7 даляраў. Трамваі часцей забітыя пад завязку. Асаблiвы шык у турыстаў – ехаць на прыступцы. На канчатковых станцыях збiраюцца доўгія чэргi жадаючых пракаціцца. Мы абралi назiральнiцкую ролю: наведалi будынак маторнай станцыi. Тут велізарныя маторы General Electric круцяць чатыры наборы вялікіх колаў, якія і гоняць па горадзе чатыры доўгіх троса (па адным для кожнага з маршрутаў і яшчэ адзін, каб дастаўляць трамваі ў дэпо на ноч).

Колы гэтыя могуць ездзіць ўзад-наперад, каб падтрымліваць патрэбнае напружанне ў тросе. Кожны трос з гадамі слабее, і кола адсоўваецца ўсё далей і далей, каб трымаць яго нацягнутым. Калі ад’язджаць ужо няма куды, трос мяняюць – гэта цяжкі працэс, але механікі павінны паспець усё зрабіць за адну ноч, пакуль трамваі не працуюць.

Яшчэ мы махалi турыстам, якiя быццам вiнаград звiсалi з трамваяў. I назiралi самае цікавае вiдовiшча – як трамвайчыкі разгортваюцца на канцавым прыпынку маршруту. Разгортваць трос так, каб трамвай мог разам з ім разгарнуцца было б вельмі складана, таму ў канцы кожнай лініі стаяць кругі з адрэзкам рэек. Вагон падкочваецца, адпускаецца трос, і два моцных мужчыны запіхваюць трамвай на круг. Пасля гэтага кандуктар разгортвае трамвай на месцы.

А адзiн з паваротаў крутых вулачак горада туманаў прыводзiць незнарок да вялiкага сцягу вясёлкавага колеру.

У Сан-Францыска iснуе адна з найбуйнейшых і актыўных суполак сэксуальных меншасцяў у ЗША. Асабліва гэта адчуваецца ў раёне Castro. На фасадах стрыт-арт раскрываецца тэма легалізацыi аднаполых шлюбаў. Тэматычныя крамы i салоны прыгажосцi прапаноўваюць зацiкаўленым шырокiя магчымасцi для рэалiзацыi патаемных i яўных намераў. Праз раён Сastro дарога вядзе нас на Твін Пікс.  Twin Peaks уяўляюць сабой два ўзгоркi «блізняты» ў самым цэнтры паўвострава Сан-Францыска. Калі няма туману, то з вышыні адкрываецца цудоўны від на горад i бачна Пiрс-39. Менавiта туды варта iсцi ўвечары.

Пірс-39 размяшчаецца ў заліве, на месцы былых пірсаў, непасрэдна насупраць выспы Алькатрас. Пра турму распавядзем пасля вячэры. Галоўным магнітам, што нязменна прыцягвае на Пірс-39 натоўпы, служаць каліфарнійскія марскія львы. Ластаногія  пачалі масава сяліцца тут, не звяртаючы ніякай увагі на гарадскі шум і турыстычны гвалт. Гарадскія ўлады Сан-Францыска дапамаглі львам уладкавацца, збудаваўшы дадатковыя «прычалы». Сярод дзясятка крабавых рэстаранаў для вячэры мы абралi Chowders. За 7 даляраў з чалавека налiваюць поўную хлебную мiску густога крабавага супу, яшчэ за 3 даляра выдаюць

0,33 халоднай Corona з  долькай цытрыны. Неверагодна смачна пазiраць на закат i  ўпершыню за падарожжа есцi цёплае i вадкае.  Лампачкi на пiрсе запальваюцца з надыходам цемры, традыцыйная карусель з конiкамi заклiкае зрабiць заезд, а марскiя львы супернiчаюць з чайкамi ў гучнасцi галасоў. А як там Алькатрас? У нашы дні турма даўно расфармаваная, а ўвесь востраў ўяўляе сабой музей. Дзякуючы свайму размяшчэнню востраў знаходзіўся ў сапраўднай натуральнай ізаляцыі. Ледзяная вада, сярэдзіна заліва і моцныя марскія плыні сталі тымі прычынамі, якія вызначылi лёс вострава. Спачатку тут размяшчалi ваеннапалонных, потым – небяспечных злачынцаў. Пасля рэканструкцыi турма ператварылася ў абсалютна непрыступнаe  месца з ёмістасцямі для слёзатачывага газу ў сталовай і іншымі спосабамі для «ўтаймавання» зняволеных. Бадай, самы знакамiты «жыхар» вострава – Аль Капоне.

Тым часам прахалода падпаўзала з акiяна, а з Ламбард Стрыт спаўзалi пракатныя аўтамабiлi гасцей горада. Ламбард Стрыт носiць тытул самай «крывой» вуліцы ў ЗША, мае восем стромкіх паваротаў на ўчастку Рускага ўзгорка даўжынёй 400 метраў і ўхіл паверхні амаль да 30 градусаў.  Калi не ўпэўнены ў сваix здольнасцях кiроўцы, трэба проста зрабiць фота на фоне Ламбард Стрыт – i план на дзень будзе выкананы.

Добрых тармазоў патрабуюць  вулiцы Сан-Францыска  ад транспартных срокаў, а ад пешага турыста – вялiкай энергii. Яе i папаўняе часцей за ўсё крабавы суп. А Цiхаакiянская шаша тым часам запрашае нас на вандроўку ў наступным нумары «ТБ».

Добавить комментарий