Аднапавярховая Амерыка

Частка шостая. Як вытрываць соль на ранах

У папярэдняй частцы адбылося знаёмства са штатам «чырвоных людзей». Аклахома пакінула ўражанне вандроўкі ў часе. Iндзейская гісторыя захавалася тут і ў афіцыйным сцягу штата, у цэнтры якога размешчаны традыцыйны для індзейскіх плямёнаў шчыт са скуры бізона. Шчыт сімвалічна перакрыжаваны курыльнай трубкай (знак карэнных жыхароў ЗША) і аліўкавай галінкай (знак еўрапейскіх перасяленцаў).

Мы ўрэшце наблізіліся да сярэдзіны Route 66 і вырашылі з’ехаць з трасы ў пошуках… золата.

Сапраўдны скарб Злучаных Штатаў схаваны не ў мастацкіх музеях і не ў бібліятэках. Здабыткам сваёй краіны амерыканцы па праву лічаць нацыянальныя паркі. Мільёны турыстаў з розных месцаў зямлі кожны год зноў і зноў прыязджаюць паглядзець на гэтыя дзіўныя куткі прыроды, якiя ўрад беражліва ахоўвае. Чатырнаццаць з пяцідзесяці васьмі нацыянальных паркаў ЗША ўнесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Акрамя саміх паркаў, сюды ўваходзяць і нацыянальныя запаведнікі, гістарычныя i ваенныя паркі, мемарыялы, зоны адпачынку, нацыянальныя манументы, гістарычныя і іншыя значныя аб’екты і тэрыторыі.

Мы ўжо даўно былі знаёмыя са шматлікімi маляўнічымi пейзажамі нацыянальных паркаў. Вы таксама, спадзяемся, не раз бачылі іх захапляльныя віды ў амерыканскіх фільмах, а фотаздымкі штогод упрыгожваюць календары і вокладкі нататнікаў. Калі скласцi рэйтынг папулярнасці выяў нацыянальных паркаў сярод дызайнераў паліграфіі – кубак першынства атрымае Вялікі каньён.

Ён займае на паўночным захадзе штата Арызона 5000 квадратных кіламетраў, ці 14 беларускiх сталiц. Наяўны ў сярэдняй плынi ракі Каларада каньён утварыўся прыкладна за 10 мільёнаў гадоў пад уздзеяннем натуральнага працэсу вымывання мяккіх парод, вапнякоў, пяшчанікаў і сланцаў. Шырыня каньёна ў бачнай частцы вар’іруецца ў межах ад 800 метраў да 20 кіламетраў. Пры гэтым да дна каньён звужаецца да 100 метраў.

Рака Каларада атрымала сваю назву ад іспанскага слова, якое азначае «чырвоная», што адпавядае чырвона-карычневаму колеру яе вод. Каларада штодня прыносіць да паўмільёна тон горных парод у мора. Магутны паток перамяшчае і велізарныя валуны, працягвае няўхільна ўгрызацца ў ложы каньёна да самых старажытных парод, павялічваючы глыбіню цясніны кожны год на чацвёртую долю міліметра.

Сустрэць усход на краі Вялікага каньёна – смелая мара, якую загадаць можна толькі падаючай зорцы. Мы загадалі. Мара ажыццявілася. Ноч падымаецца са дна каньёна хутка – можна не паспець заўважыць, як ружовы сонечны колер расцякаецца па небе. Чорныя схілы неахвотна выходзяць з змроку і насцярожана пазіраюць на нястрымных турыстаў з фотакамерамі. Падчас узыходу навакольны свет змяняецца кожную хвіліну, і ніякі фотаапарат не здолее злавiць чароўны момант. Сонца надае каньёну чырвону колер, кожны пласт і кожная істота пачынаюць асабістае жыццё. Птушкі з першымі сонечнымі праменямі ўздымаюцца ў неба, каб уважліва агледзець парадак ва ўладаннях магутнай Каларада.

Незлічоныя аглядальныя пляцоўкі прапаноўваюць віды на любы густ. Сама прастора цясніны запоўнена мудрагелістымі наваламі ўцёсаў, якія ўтварыліся з прычыны шматлікіх апоўзняў і працэсаў эрозіі. Велічны прыродны ансамбль гіганцкіх вежаў, пірамід, прыгонных сцен дае буйное поле для фантазійных думак. Калі ў турыстаў ёсць час і фізічная падрыхтоўка, яны смела спускаюцца на дно Вялікага каньёна. Адтуль, знізу, маленькі чалавек можа бясконца глядзець на блакітнае неба праз велічныя чырвоныя сцены цясніны і слухаць шум магутнай Каларада.

Нацыянальны парк Death Valley напалохаў назвай – гэта па-першае. Па-другое, моцны мясцовы вецер імкнуўся зрушыць са схілу кожнага смельчака. Па-трэцяе, неверагодная спякота выклікала няспынную смагу. Па-чацвёртае, пылавыя буры не даравалі адчыненых вокнаў у аўтамабілях. Разам з тым Даліна смерці запомнілася самымі незямнымі краявiдамi і самымі моцнымі ўражаннямі. Адзначым, што заправіць свой аўтамабіль трэба да заезду ў нацыянальны парк, або падрыхтавацца заплаціць ад 4 даляраў за галон самага нізкаякаснага паліва. І яшчэ, каб наведваць нацыянальныя паркі, лепш набыць гадавы пропуск за 80 даляраў на адзін аўтамабіль. Разавы візіт каштуе ад 20 даляраў з легкавога аўтамабіля. Пропуск не заўсёды правяраюць, але патрэбна, каб ён знаходзіўся на відным месцы ў аўтамабілі падчас вандровак па парках.

Назвай Даліна смерці абавязана рэальным гістарычным падзеям, што адбываліся тут у сярэдзіне XIX стагоддзя. У той час прыродныя рэсурсы гэтага рэгіёну пацягнулі масавы прыход старацеляў і шматлікія ахвяры падчас так званай каліфарнійскай залатой ліхаманкі. Нягледзячы на жудасныя гісторыі і актыўную чалавечую дзейнасць, тэрыторыя нацыянальнага парку захавалася для нашчадкаў. На тэрыторыі даліны распрацоўваліся медныя радовішча, была арганізавана вытворчасць драўнянага вугалю.

Сляды прысутнасці людзей захаваны ва ўнікальных помніках гісторыі – закінутых гарадах. Значэнне гэтых слядоў цывілізацыі не менш значна, чым існаванне самой Даліны смерці. Тэрыторыя нацыянальнага парку і па сённяшні дзень з’яўляецца натуральным арэолам пражывання індзейскага племя цімбіша, што азначае «каменная фарба». Мяркуецца, што гэты факт звязаны з наяўнасцю крыніцы рэчыва, у аснове якога – чырвоная охра.

Мы пабачылі пустыню і палюбілі пустыні. Яны пакарылі масштабам і непадуладнай сілай. Гэтак жа прыцягвае толькi акіян, ледавікі або вулканы. Але калі бачыш самую высокую гару ці самае шырокае возера, пачынаеш па-сапраўднаму разумець, на што здольная прырода.

У Даліне смерці вельмі проста адчуць сваю нікчэмнасць. Самы вялікі нацыянальны парк у кантынентальнай Амерыцы ведаюць па самым гарачым і самым засушлівым месцы на зямлі. Пік гары Уітні вышынёй 4,421 м з’яўляецца самай высокай кропкай хрыбта Сіера-Невада.

Самае нізкае месца на кантыненце знаходзіцца ў 123 км ад самага высокага ў ЗША. Праз парк вядзе дарога-хваля, якую час ад часу перабягаюць перакаці-поле. Сама дарога, як міраж, знікае і з’яўляецца зноў. Амплітуда яе ваганняў павялічваецца да сотняў метраў: уніз – і зноў уверх праз горную граду. Уздоўж абочыны квітнеюць нейкія дзівосныя кветкі. Жывуць тут і яшчаркі, бараны, змеі, амфібіі, больш за 300 відаў птушак і адна дагістарычныя рыбка, свецяцца ў цемры скарпіёны, але ўсё гэта старанна хаваецца.

Чым далей – тым гарачэй становіцца. За акном кандыцыянаванага аўтамабіля градуснік паказвае ўжо каля +35° C, а ўсяго 20 хвілін таму мы апранулі курткі. Каля кожнай паркоўкі і назіральнай пляцоўкі размешчаны знакі, што гуляць пасля 10 раніцы не рэкамендуецца. Без бутэлькі вады адчуваеш сябе няўтульна. Кароткая прагулка па Залатым каньёне, напрыклад, прымусіла інакш паглядзець на паўлітровую бутэльку вады. Але ад глытка цёплай вады не адчуваеш нічога.

Гістарычная дарога «Дваццаці мулаў» выкарыстоўвалася падчас здабычы руды. Канчатковы прадукт перавозіўся на павозках, запрэжаных 20 муламі, на адлегласць у 265 км – да бліжэйшай чыгуначнай станцыі ў Махавэ. Такі караван цалкам паварочваўся за 30 дзён, у сярэднім рухаючыся з хуткасцю 3 км у гадзіну. Зараз па дарозе можна праехаць на аўтамабілі і атрымаць асалоду ад падарожжа паміж пяскоў.

Далей мы накіраваліся да салёнага возе-ра Badwater. Менавіта яно з’яўляецца самай нізкай і самай спякотнай кропкай. Тэрмометр паказваў ужо 45 градусаў па Цэльсію, а перад вачыма адкрыўся нерэальны пейзаж. Змёрзлае возера пакрыта лёдам і па ім ходзяць турысты. Падман хутка раскрыўся. Возера было пакрыта соллю. У некаторых месцах пасля зімы – сезона дажджоў – яшчэ захоўваліся лужыны з расолам. Ідэя прайсціся басанож дапамагла адчуць лёгкасць і нагадала паленнем пра ранкі на скуры.

На закаце Даліна смерці выглядае яшчэ больш містычна і па-тэатральнаму ўрачыста. Такая некранутая прырода не выбачае бестурботнасці. Таму, калі наперадзе бачыце пясчаную буру, не забывайце зачыняць вокны і люк аўтамабіля.

У наступнай частцы мы абдымем генерала Шэрамана і вымыем трошкі золата.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий