Аднапавярховая Амерыка

Частка трэцяя.

Дзе знайсці кавун Лінкальна

У папярэдняй частцы «Аднапавярховай Амерыкі» мы пачалі падарожжа па гістарычнай Трасе 66. У 30-я гады дваццатага стагоддзя тысячы амерыканцаў рухаліся па ёй у Каліфорнію ў пошуках лепшага жыцця. Зараз Route 66 перажывае сваё адраджэнне, набыўшы статус славутасці ЗША. У горадзе Dwight мы зрабілі піт-стоп. Далей нас чакаў Pontiac.

Pontiac – мястэчка з насельніцтвам крыху меней 12 000 чалавек. Горад пачаў сваё існаванне ў 1837 годзе і ніяк не быў звязаны з вядомай аднаіменнай маркай аўтамабіляў. Ён быў названы ў гонар аднаго з правадыроў карэнных амерыканскіх індзейцаў, які ніколі нават не ступаў на гэтыя землі. У пачатку 1920-х праз горад праклалі Route 66. Pontiac стварае ўражанне, што ты знаходзішся не ў сапраўдным горадзе, а на галівудскай здымачнай пляцоўцы, дзе ўсё вакол – прыгожыя дэкарацыі.

Будынак гарадскога савета – City Hall – пабудаваны ў 1900 годзе. Ён служыў месцам размяшчэння гарадскіх уладаў і пажарнай станцыі да 1986 года. Зараз у будынку размясцілася Association Hall of Fame & Museum з велізарнай калекцыяй розных рарытэтных рэчаў з усёй дарогі. Зала славы і музей – гэта выдатнае месца для паразумення духа Route 66 і натхнення на падарожжа.

Плошча музея не вельмі вялікая, але колькасць памятных рэчаў з Route 66 на квадратны метр проста зашкальвае. Гэта адзін з самых пазнавальных і цікавых музеяў на ўсім працягу шашы і, безумоўна, заслугоўвае пільнай увагі. Калаж з серыі «да і пасля» паказвае беражлівыя адносіны гаспадароў да ўсіх дарожных артэфактаў. На сцяне ўнутры – прыгожая карта маршруту 66 па штаце Ілінойс. Гэта вельмі зручна: падобныя карты часта сустракаюцца ў розных гарадах, і па іх можна лёгка адсачыць сваё перамяшчэнне.

Адзін з найбольш важных экспанатаў – мінівэн Volkswagen 1972 года Боба Уолд-майра. Менавіта гэты аўтамабiль стаў прататыпам персанажа Fillmore з мульцiка «Тачкі» (Cars).

Боб Уолдмайр – амерыканскі мастак, картаграфіст і змагар за экалогію. У 2004 годзе ён атрымаў узнагароду Нацыянальнай асацыяцыі Route 66 за прасоўванне і захаванне маршруту 66. Мінівэн захаваны ў тым выглядзе, у якім ён застаўся пасля таго, як Боб жыў і раз’язджаў на ім па Route 66. Ён прадаваў свае карціны, заводзіў новых сяброў і з задавальненнем дзяліўся з падарожнікамі карыснай інфармацыяй. Боб шчыра любіў Route 66: упершыню праехаўшы ў 1962 годзе па гэтай шашы разам з бацькамі, ён больш не ўяўляў свайго жыцця без прыдарожных матэляў, бензазаправак, неонавых шыльд. У мінівэне – мноства сабраных за гады падарожжаў рэчаў Боба і яго фатаздымкі. Справу Боба працягвае яго брат Баз Уолдмайр: займаецца вэб-сайтам і прасоўваннем мастацкіх паштовак Боба.

Музейныя паліцы Hall of Fame запоўнены разнастайнымі дарожнымі экспанатамі: старыя бензакалонкі, напаўняльнікі масла, дамкраты, покрыўкі і іншае гаражнае абсталяванне, розныя знакі з брэндамі і шыльды з заклікамі, спісаныя аўтографамі, старыя фотаздымкi. Сцены абвешаны аўтамабільнымi нумарнымі знакамі штата за апошнія сто гадоў. Ці бачылі вы нумары, з якімі ездзілі аўтамабілі ў 1912 годзе? І мы дагэтуль не бачылі.

Гаспадары музея былі вельмі ветлівымі і, як водзіцца, спыталі, адкуль мы прыехалі. На словах мы растлумачылі, дзе знаходзіцца Беларусь. А зубра, валошку і абрысы краіны паказалі на адной з паштовак, якія купілі ў Мінску. Мэта гэтых паштовак – несці асвету пра Беларусь і пакідаць памяць пра беларусаў-вандроўнікаў. Гаспадары Залы славы ў горадзе Pontiac змясцілі наш падарунак пад шкло адной з вiтрын побач з кнігай-падарункам ад японскіх турыстаў. Таму, калі будзеце ў тых краях, шукайце вестку ад нас.

Праз некалькі гадзін мы прыехалі на Dixie Truck Stop. У 1928 годзе два хлопцы арандавалі тут частку гаража механіка, каб прадаваць бутэрброды. Да 1930-га кафэ павялiчылася да сапраўднага рэстарана. Dixie быў зачынены толькі адзін дзень пасля пажару ў 1965 годзе. Асноўныя наведвальнікі рэстарана – кіроўцы вялікагрузаў. Асноўнай мэтай наведвання гэтага месца для нас быў танны абед. На жаль, мы не былі падобны на дальнабойнікаў, таму скарыстацца паслугай «усё, што ты можаш з’есці», ці больш звыкла «шведскім сталом», за 10 даляраў нам не дазволілі.

Працягваем падарожжа па Ілінойсе. Гэты штат інакш называюць зямлёй Лінкальна, таму што менавіта тут 16 прэзідэнт ЗША правёў гады свайго станаўлення. Ёсць у штаце і горад Лінкальн. Ён адзіны у Злучаных Штатах, які быў названы ў гонар Абрахама Лінкальна перш, чым той стаў прэзідэнтам.

Да 1852 года гэта мясцовасць была папулярнай сярод пасяленцаў: лёгкі доступ да водных шляхоў і багацце дзікай прыроды. Аднак станаўленне Лінкальна як горада адбылося дзякуючы чыгунцы. Урад хацеў звязаць гарады Спрынгфілд і Блюмінгтон, якiя знаходзіліся ў 60 мілях адзін ад аднаго. Паравыя цягнікі таго часу павiнны былi спыняцца кожныя 30 міль. Такім прыпынкам i стала станцыя з пасажырскім дэпо, дзе пачаў расці горад Лінкальн. Усе вуліцы праходзілі паралельна і перпендыкулярна чыгунцы.

Абрахам Лінкальн развіваў тут сваю палітычную кар’еру. Цэнтральнае месца ў горадзе займае будынак суда. За 115 год свайго існавання ён заўсёды выкарыстоўваўся па прызначэнні. У Лінкальн мы прыехалі ў нядзелю. Таму паркоўкі ў цэнтры горада былі бясплатныя. На вуліцах – нікога, толькі ў траве каля суда скакалі маленькія зайчыкі. На чыгуначнай станцыі некалькі чалавек чакалі свой цягнік.

Нашу ўвагу прыцягнуў незвычайны помнік кавалачку кавуна. Ён сведчыць пра дзень ў 1853 годзе, калі будучы 16 прэзідэнт Злучаных Штатаў, на той час адвакат штата Ілінойс, ахрысціў сваю суполку. Абрахам разрэзаў кавун і выліў яго сок на зямлю – своеасаблівая перарэзаная чырвоная стужка на адкрыцці горада.

Згодна карце ў горадзе ёсць i яшчэ адна дзівосная славутасць – cамы вялікі ў свеце Covered Wagon. Так, любоў амерыканцаў да ўсяго самага вялікага, самага высокага асабліва адчуваецца падчас падарожжа на Трасе 66. Вагон пабудавалi ў гонар 75-годдзя славутага маршруту 66. Ён складае 40 футаў у даўжыню, 12 – у шырыню і 25 – у вышыню. Некалькі спробаў знайсці Railsplitter Covered Wagon, крытую фурманку са статуяй Абрахама Лінкальна, не былі паспяховымі. Мы звярнуліся за дапамогай да мясцовага жыхара, які пакiнуў касіць газон, падыйшоў да нас і дакладна растлумачыў, як праехаць да славутасці. Дзякуем жыхару горада Лінкальна за дапамогу, а вас, паважаныя чытачы, чакаем на старонках наступнага нумара гезеты, каб працягнуць падарожжа.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий