Аднапавярховая Амерыка

Частка другая. Як зразумець амерыканскае шчасце

Працяг. Пачатак у № 8 ад 24 лютага

У № 8 «ТБ» мы распачалі серыю публікацый пра Амерыку. Нашы вандроўнікі натхніліся кнігай Ільфа і Пятрова «Аднапавярховая Амерыка» і накіраваліся ў падарожжа па Злучаных Штатах.

У першай частцы гісторыі чытачы даведаліся, дзе з’явіліся першыя ў свеце хмарачосы і колькі каштуе звычайны амерыканскі сняданак. Другая частка падарожжа прысвечана найбольш ёмістаму па эмоцыях і мілях этапу – Route 66.

Невялікая гістарычная даведка

Траса 66 з’явілася ў дваццатыя гады ХХ стагоддзя. Яна пралягла праз восем штатаў і схавала пад асфальтам маршруты першых перасяленцаў, былыя індзейскія сцежкі і сельскія дарогі. У час Вялікай дэпрэсіі трыццатых гадоў сотні тысяч спустошаных фермераў і выкінутых з заводаў рабочых накіраваліся з усходніх штатаў за лепшым жыццём у Каліфорнію. Пыльныя буры 1934 года знішчылі амаль усю сельскую гаспадарку. Зямля больш не карміла фермераў. Дажджоў даўно не было, і засуха загубіла ўраджай. Пачаліся буры. Людзі пакідалі свае дамы і адпраўляліся ў дарогу па Трасе 66. «Калі мы дабяромся да Каліфорніі, то выжывем», – лічылі яны.

З цягам часу ў Route 66 з’явілася ўласная прыдарожная культура: заправачныя станцыі, кафэ, гатэлі, рэстараны, сувенірныя крамы. У шасцідзясятых гадах папулярнасці трасе дадаў тэлесерыял Route 66. Два героі адпраўляюцца на пошукі прыгод па легендарнай дарозе на не менш легендарным Chevrolet Corvette.

У 1970 годзе старой трасе прыйшлося саступіць месца сучасным шашы. З Чыкага ў Лос-Анджэлес былі пабудаваны новыя хайвеі, а Route 66 выключылі са спісу дзеючых. Дарога апусцела: па ўсёй яе працягласці знялі прыдарожныя шчыты, на ўездах паставілі шлагбаўмы, і больш ніхто не заглядваў сюды. Яна была асуджаная на забыццё. Гэта быў канец эпохі Трасы 66.

Але сотні тысяч людзей не далі памерці «Маці дарог». Амерыканцы стварылі грамадскую асацыяцыю, якая прымусіла губернатараў штатаў прызнаць Трасу 66 гістарычна значнай: каб сама дарога і ўсе пабудовы на ёй захоўваліся ў першапачатковым выглядзе.

Упакоўка аўсянай кашы прыляцела з намі праз акіян і амаль тыдзень была нашым пажыўным сняданкам. З яе мы пачалі раніцу і першага дня падарожжа па «Галоўнай вуліцы Амерыкі», як яшчэ называюць Трасу 66. Далей нам патрэбна было заправіць аўтамабіль. Паліва ў ЗША называюць gas, а запраўкі – gas stations. Колькасць яго вымяраецца ў галонах (галон роўны 3,785 літра). Паліва, як і ў нас, – бензінавае і дызельнае. Бензін дзеліцца на тры тыпы: звычайны (87, unleaded або regular), з павышаным актанавым лікам (89, mid-grade або plus), прэміяльны (91, supreme або premium). Пракатныя аўтамабілі запраўляюць самым танным палівам (першы тып). Кошт яго, дарэчы, на запраўках адрозніваецца на 10 і больш адсоткаў. Нават на адным скрыжаванні і на кожнай з іх быў розны кошт бензіна: 2,4 даляра за галон, 3,2/галон, 2,7/галон і 3,6/галон. Прыкметна: усюды запраўляліся аўтамабілі. Чым далей знаходзяцца запраўкі ад горада, тым вышэй на іх кошт паліва. На тэрыторыі нацыянальных паркаў яно ў два разы даражэй, чым на трасе. Самую танную запраўку мы знаходзілі па Google.maps. Гэты дадатак таксама дапамагаў мінаць платныя дарогі.

Траса 66 падобна на старыя беларускія дарогі да панскіх сядзібаў. Яна абсаджана паабапал дрэвамі, якія пачулі шмат падарожных гісторый за свой час. Таксама легендарная траса адкрылася нам фермерскімі домікамі, класічнымі чырвонымі драўлянымі свірнамі і рэдкімі ветракамі. Гэта тая самая Амерыка, якую мы ўсе бачым у фільмах: «Небраска», «Форэст Гамп» і «Што грызе Гілберта Грэйпа» у адным пейзажы. На кожнай запраўцы можна купіць магніт, майку, кепку з надпісам Route 66 (ад 5 даляраў без уліку падатку). За 30–40 міль да любога горада трасы пачынаюцца музеі. Іх стварылі мясцовыя жыхары на хвалі ўзнаўлення Route 66 па прынцыпе: «Я знайшоў увесь гэты антыкварыят у склепе майго дзеда і захаваў для вас». Ці чулі вы пра музей пыласосаў, кававых апаратаў, крэслаў? А такія ёсць. Яны ўвасабляюць сабой розную гісторыю ЗША і адно амерыканскае шчасце.

Тое, што ты робішь, вельмі важна для Злучаных Штатаў Амерыкі – у гэта шчыра вераць і вадзіцелі школьных аўтобусаў, і кангрэсмэны, і наглядчыкі музеяў на закінутых фермах.

Першым прыпынкам на Route 66 стаў горад Joliet. На прыгожы музей гісторыі трасы мы паглядзелі праз зачыненыя шкляныя дзверы (у 9 гадзін раніцы ў нядзелю не ўсе музеі працуюць), сфатаграфаваліся са скульптурай «Маці дарог» і накіраваліся далей.

Ужо на выездзе з горада пабачылі «блышыны рынак». Не сакрэт, што на Беларусі не вельмі шмат рэчаў захавалася нават з трыццатых гадоў ХХ стагоддзя, а ў Амерыцы лёгка напаткаць, напрыклад, патэфоны ці аўтамабільныя нумары пачатку ХХ стагоддзя. За камодамі, унікальнымі сталамі і фарфоравым посудам сюды сапраўды варта ехаць. Працуюць «блышыныя рынкі» па выхадных, але існуюць і вялікія склады Antique Mall, дзе можна сабраць новы дом-музей за невялікія грошы.

У горадзе Wilmington нас сустрэла статуя 30-метровага Gemini Giant. У шасцідзясятыя гады па ўсёй краіне былі пастаўлены такія гіганты ў гонар касмічнай праграмы Gemini. У руках кожная са скульптур трымае нешта асабістае: у Wilmington – сярэбраны «ракетны карабель», а ў Atlanta – хот-дог.

Крымінальныя здарэнні не былі рэдкасцю ў час росквіту Трасы 66. Для тых, хто парушаў парадак, будавалі спецыяльныя прыдарожныя турмы. У горадзе Gardner ёсць сведка злачынцаў дваццатага стагоддзя – Two Cell Jail адчынена для наведвальнікаў увесь год, абсталявана інфармацыйнымі таблічкамі і аўдыёгідам. Важным атрыбутам кожнай славутасці на Трасе 66 з’яўляецца кніга водгукаў ці мапа, дзе наведвальнікі кнопкамі адзначаюць месца, адкуль прыехалі. Мы амаль усюды былі першымі з Беларусі.

Падарожжа першага дня па Route 66 яшчэ не скончылася. Зробім «піт-стоп» на гарбату і бутэрброд каля заправачнай станцыі-музея Ambler’s Texaco Gas Station горада Dwight. Працягнуць падарожжа плануем праз тыдзень.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий