Аднапавярховая Амерыка

Частка сёмая. Як не згінуць ад залатой ліхаманкі

Працяг. Пачатак у № 8, 10, 12, 15, 18, 19

Мы працягваем падарожжа па прыродных каштоўнасцях Злучаных Штатаў. Не сумуйце, калі вы не адчулі спякоту ў самым нізкім і самым сухім месцы Амерыкі – заснежаны лес секвой запрашае вас. А калі не сустрэлі прамяні світальнага сонца на чырвоных схілах Вялікага каньёна – магутныя вадапады Iасеміці чакаюць вас. Аднак пачнем мы з Нацыянальнага парку скамянелага леса.

Нацыянальны парк Petrified forest, ён жа па-беларуску: скамянелы лес, 250 мільёнаў гадоў таму быў поймай, перасечанай ручаямі і рэкамі. Яна была населена раслінамі і жывёламі. Падчас магутных разліваў вялікія і маленькія дрэвы траплялі ў ваду, ў розных месцах утвараліся навалы бярвення, якія паступова пакрываліся глеем, глінай, пяском і вулканічным попелам. У такім стане драўніна амаль не гніла, сілікаты паступова «марынавалі» бярвёны, і з часам арганічныя тканіны замясцілiся крэмніем. Так драўніна камянела і захоўвала пры гэтым сваю першапачатковую форму.

Мільёны гадоў праляжалі закамянелыя дрэвы ў глыбінях зямлі. Час, ціск і хімічны склад ператваралі іх паволі ў напаўкаштоўныя камяні. І толькі пасля таго, як тэктанічныя пліты занялі сваё цяперашняе становішча, паклады гэтага бярвення апынуліся вельмі блізка да паверхні. Большасць з іх расколатыя, але некаторыя захаваліся амаль цалкам. Тут жа былі выяўлены мноства астанкаў дыназаўраў, праўда, якія жылі ўжо пасля таго самага метэарыта. І тут жа яшчэ пазней жылі людзі. Ад іх засталіся наскальныя малюнкі, петрагліфы і разбураныя амаль дашчэнту сцены горада.  

Ва ўсім гэтым наваколлі нас проста накрыла незвычайнае пачуццё часу. Абсалютнае на выгляд дрэва, якое на самай справе ўжо агат. Ты раптам можаш адчуць сябе пясчынкай не па памеру, а ў часе. Скамянелыя дрэвы сустракаюцца ва ўсім свеце, але менавіта гэтае месца унікальнае. I як раз не толькі тым, што на маленькім кавалачку такая вялізная колькасць дрэў, але яшчэ іх каляровай разнастайнасцю. Прычына таму – вулкан, які дыхаў тут у той жа час, што і дрэвы. Кожны раз ён пакрываў наваколле пластамі попелу рознага колеру. Сёння частка парку так і называецца – painted desert «размаляваная пустыня». Петрагліфы мы дагэтуль бачылі толькі ў падручніках. У Petrified forest захавалася мноства такіх малюнкаў. Зразумела, што падысці ўшчыльную да іх нельга. Назіральныя пляцоўкі знаходзяцца на прыстойным выдаленні і забяспечаны падзорнымі трубамі. Тым не менш нават праз тоўстыя лінзы адчуваецца трапятанне ад сустрэчы з пасланнямі старажытнага чалавека.

Не трэба, дарэчы, лічыць, што амерыканцы адразу прыйшлі да ідэі захавання сваёй гістарычнай і прыроднай спадчыны. Да таго як ў 1962 годзе гэтае радовішча закамянеласцяў было абвешчана нацыянальным паркам, яму давялося нямала зведаць ад стыхійнага турызму і паляўнічых за рэдкасцямі. У канцы XIX стагоддзя па тэрыторыі будучага парка была пракладзеная «вярблюджая» сцежка, а потым – чыгунка і аўтамабільная дарога. Кажуць, што турысты грузілі «сувеніры» у вагоны, а велізарныя каменныя ствалы часам ўзрывалі, каб атрымаць крышталі паўкаштоўных камянёў: апала, халцэдона і кварца. Мы сувенірныя часткі дрэў не вывозілі. Як сувенір захавалі ў памяці дотык да прыгожых скамянелых дрэў і адчуванне дробязі бягучага часу.

Абдымалі вы калі-небудзь гіганцкую секвою? І мы дагэтуль не абдымалі. Жаданне ўбачыць самыя высокія дрэвы на Зямлі натрапіла на абмежаванні, звязаныя з ўмовамі надвор’я. Прасцей кажучы, ў красавіку ў Каліфорніі выпаў снег, а яшчэ не растаў зімовы. Вялікая чарга аўтамабіляў сабралася на ўездзе ў Sequoia National Park. Калі памятаеце, наш арэндаваны Dodge Durango RT мае поўны прывад. Чатыры сантыметра снегу, на погляд беларусаў, не стыхійнае бедства. А на погляд рэйнджараў, патрабуе ўстаноўку ланцугоў на колы ўсіх транспартных сродкаў. Менавіта ў гэты момант, дарэчы, адзіны з ўсяго падарожжа, мы пашкадавалі, што маем вялікія колы на аўтамабілі. Кошт арэнды ланцугоў для седанаў складаў 70 даляраў, з іх 30 – дэпазіт. Кошт арэнды на наш памер колаў склаў 120 даляраў, з якіх таксама 30 мы забралi пасля вяртання ланцугоў у пункт пракату. Асабістым выпрабаваннем было правільна ўсталяваць iх на колы. Для тых, хто паспяхова з гэтым справіўся, рэйнджары адкрывалі доступ у каралеўства велічных секвой.

Гіганцкі лес размешчаны на вышыні 1800 метраў і ахоплівае тэрыторыю 7,6 квадратнага кіламетра. Тут растуць пяць з дзесяцi найбуйнейшых дрэў нашай планеты. Самае буйное з іх, дрэва генерала Шэрмана – мае дыяметр 11,1 метра. Абдымкі з ім не былі паспяховымі таму, што ў парку на той момант не было патрэбнай колькаці наведвальнікаў. Абдымалі больш тонкіх «радавых». А праз тунэль – бервяно – мы прайшлі пешшу, таму што па заснежанай дарозе нельга было ехаць нават з ланцугамі.

У 1937 годзе ў сілу натуральных прычын папярок дарогі ўпала дрэва гіганцкай секвоі даўжынёй 84 метры. У наступным годзе работнікі парку выразалі ў ім тунэль вышынёй 2,4 метра і шырынёй 5,2 метра, дзякуючы чаму дарога зноў стала даступнай для праезду аўтамабільнага транспарту. Турыстычныя даведнікі рэкамендавалі падняцца на вяршыню гары Мора Рок і захапіцца відовішчнай панорамай парку. Нягледзячы на снег і шэрань, мы мужна караскаліся на слізкай лесвіцы, што вядзе на вяршыню 2050 метраў над узроўнем мора. Пабудаваў яе ў 1930-х Грамадзянскі корпус аховы навакольнага асяроддзя, таму поручні ёсць далёка не ўсюды. Дзякуючы ўсё таму ж снегу і шэрані, наваколля мы не пабачылі, але ў такіх умовах здавалася, што гэта тая самая Вяршыня Сусвету.

У Нацыянальным парку стаіць шмат апаленых дрэў. Пажар у рэчаіснасці з’яўляецца важным элементам забеспячэння росту і выжывання секвоі. Дарослыя секвоі досыць устойлівыя да агню, а пажары падрыхтоўваюць лясны подсціл для прарастання новых і адкрываюць полаг лесу, каб сонечныя прамяні падалі на маладыя дрэвы. Жар агню спрыяе таму, што шышкі дрэва раскрываюцца і насенне падае на зямлю.

Некаторыя з гіганцкіх секвой, як вядома, жывуць больш за 3000 гадоў. Гэта азначае, што яны ўжо раслі ў часы, калі будаваліся егіпецкія піраміды Гізы. Многія задаюцца пытаннем, як гэтым дрэвам атрымоўваецца жыць так доўга. Прычына заключаецца ў прыродзе каранёвай сістэмы, павярхоўнай і шырока разгалінаванай. Каранёвая сістэма дазваляе дрэву знаходзіць ваду і пажыўныя рэчывы на вялікай плошчы, а ствол гіганцкай секвоі можа змяшчаць каля 8000 літраў вады. Тоўстая кара ўтрымлівае хімічныя элементы і абараняе судзінкавую сістэму дрэў ад насякомых і хвароб.

Натхнёных адзінотай у дэкарацыях магутных секвой вандроўнікаў наперадзе чакаў Yosemite National Park. Пісаць пра Iасеміці вельмі складана, нават фотаздымкі не перанясуць вас у тое асяроддзе гранітных скалаў С’ера-Невады. У перакладзе з мовы індзейцаў апачы гэта назва гістарычнага гаспадара гэтых месцаў, вядомага сярод еўрапейцаў як мядзведзь грызлі. У парку ўсталявана шмат папярэджваючых знакаў, каб людзі не пакідалі ежу на відных месцах у аўтамабілях, а ў кемпінгах хавалі яе ў спецыяльныя металічныя тэрмасы. Інакш мядзведзь пашкодзіць аўтамабілі ці прыйдзе ў кемпінг на вячэру. Грозных грызлі, на жаль, у дзікай прыродзе тут ужо не засталося.

Сэрцам нацыянальнага парка лічыцца Ёсаміцкая даліна, што размешчана ўздоўж маляўнічай ракі Мерсед. Адсюль пачынаецца вялікая частка турыстычных сцежак парка, тут жа знаходзяцца самыя маляўнічыя яго куткі. Ледавіковая даліна мае шмат азёр і вадаспадаў. Iасеміцкі вадаспад займае шостае па вышыні ў свеце месца і з’яўляецца самым высокім у Паўночнай Амерыцы (739 метраў). Ён складаецца з трох прыступак, уражлівым шлейфам спадае са стромых скал ў даліну.

Акрамя гэтага гіганта, у парку ёсць яшчэ не менш за два дзесяткі магутных вадаспадаў, кожны з якіх зачароўвае і прыцягвае асабліва вясной. Мы б сабе не даравалі, калі б не стараліся падыходзiць як мага бліжэй да падаючай вады. Гэтыя лепшыя эмоцыі і лепшыя фотаздымкі каштавалі нам некалькіх пераапрананняў «у сухое» – на шчасце, увесь гардэроб, калі вандруеш на машыне, заўсёды побач.

Чароўнай знаходкай сярод пяску горнай ракі сталі бліскучыя маленькія кавалачкі. Гэта было золата… Нас амаль захапіла залатая ліхаманка: адну за адной мы пачалі вылоўліваць у халоднай вадзе залатыя крупінкі.

У гэтых мясцінах доўгія стагоддзі жылі індзейцы. У канцы 1840-х у навакольных гарах знайшлі золата. Пачалася залатая ліхаманка. Еўрапейскае насельніцтва мясцовасці падскочыла ў разы. Індзейцы з белымі пасяленцамі ўступілі ў канфлікт. Ён скончыўся тым, што племя было разагнана.

Што спыніла нас? Час – трэба было накіроўвацца далей, інакш мы б маглі бясконца вылоўліваць золата ў вадзе.

Таццяна СЯМАШКА

Чакайце працяг падарожжа.

Добавить комментарий