Начальнік дзіцячага аздараўленчага цэнтра (ДАЦ «Іса») Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Алег Пятровіч Бабенка на сваёй пасадзе сустрэў сёлета дзевяты сезон. Яго ведаюць як ініцыятыўнага творчага кіраўніка, які пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых шляхоў умацавання матэрыяльнай базы для цікавага і змястоўнага правядзення дзецьмі летніх канікул.
За апошнія гады на тэрыторыі з’явіліся фантан і сцэна пад дахам. Стала магчымым праводзіць масавыя мерапрыемствы, на якія па выхадных наведваюцца кіраўнікі аддзялення дарогі, бацькі, блізкія і знаёмыя дзяцей. Для самых маленькіх (шасцігодак) абсталяваны гарадок для гульняў. Значна ўмацавалася і спартыўная база. Ёсць спартзала, набыта новае абсталяванне для заняткаў пры неспрыяльных умовах надвор’я. Тэрыторыя мае выгляд утульнага зялёнага аазіса, які размешчаны у маляўнічым лясным масіве Слонімскага раёна.
– У падрыхтоўцы цэнтра да новага сезона прынялі ўдзел працаўнікі практычна ўсіх калектываў аддзялення, – заўважае Алег Пятровіч. – Але ж асноўны цяжар кожны год кладзецца на плечы дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў, бо там – кваліфікаваныя кадры па профілю.
Па словах начальніка, значны ўклад у агульную справу ўнеслі падраздзяленні энэргазабеспячэння і матэрыяльна-тэхнічнага абслугоўвання. Яны памянялі дзверы і вокны на пластыкавыя.
Жыллёвы корпус № 2 рыхтавалі праваднікі, № 3 і 4 – лакаматыўнае і вагоннае дэпо; № 5 – дыстанцыя пуці і г. д. Памяшканне медпункта рамантавалі спецыялісты Грузавога цэнтра транспартнай лагістыкі. Стадыён, дарожку да клубу добраўпарадкоўвала станцыя Баранавічы-Цэнтральныя.
Адміністратыўны і корпус № 8, лазню, сталоўку, клуб, спартыўны комплекс, фантан, іншыя аб’екты старанна рыхтавалі па пачатку сезона спецыялісты дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў. Яны паставілі лаўкі і ўрны, усталявалі шафы для захавання гаспадарчага інвентара. Усе заданні былі выкананы якасна і ў сціслыя тэрміны.
Для дзяцей, якія прыехалі ў лагер «Іса», адкрываюцца вялікiя магчымасці вясёлых прыгод, захапляльных адкрыццяў, цікавых знаёмстваў.
Лагер размешчаны ў маляўнічай мясцовасці: побач знаходзяцца цяністыя алеі, азярцо з лілеямі, вакол лугi з кветкамі, а далей – густы лес з грыбамі і ягадамі. Кожны з дзяцей, адпачываўшых у лагеры, жадае, каб такое лета, як у песні пяецца, не канчалася.
У мінулым тут была сядзіба графа Пуслоўскага. Гісторыя ўзнікнення незвычайнай назвы – «Альбярцін» – цікавая і трагічная.
Альберт быў любiмым сынам графа. На жаль, сваё жыццё ён скончыў вельмі трагічна. Па адной з версій, Альберт разам са сваёй дачкой Цінай патануў у возеры. Па іншай, падчас сялянскага паўстання ён збег з маёнтка і знік ў часовай яме за возерам. Багацце, якое Альберт захапіў з сабой, многія спадзяюцца знайсці да гэтага часу. Засмучаны заўчаснай смерцю сына бацька пераназваў свой маёнтак у «Альбярцін»…
Летам 1941 года ў піянерскім лагеры, які быў тут, адпачывалі дзеці з брацкіх краін. Яны былі захоплены фашыстамі. Шмат каму з іх удалося ўцячы, астатніх утрымлівалі ў яме, а затым расстралялі. Пасля ў галоўным корпусе, дзе жыла сям’я памешчыка, немцы размясцілі ваенны шпіталь для лётчыкаў. Адыходзячы, фашысты спалілі сядзібу. Гэта – цяжкае мінулае. Пра яго памятаюць, але жыццё працягваецца…
12 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё першай змены. Сюды прыехала 216 дзяцей, якія ўтварылi дзевяць атрадаў. На летніх канікулах заўжды тры змены. А гэта азначае, што ў лагеры адпачнуць і аздаровяцца каля шасці з паловай соцен школьнікаў.
Старэйшы выхавальнік Маргарыта Янушка расказала, што старанна рыхтавалася да пачатку сезона. Нават склала і абараніла свой праект, які зацверджаны загадчыкам гарадскім аддзелам адукацыі і з’яўляецца допускам да працы.
У гэтым праекце запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Маргарыта Веніямінаўна ўлічыла розныя напрамкі выхаваўчай дзейнасці. Гэта пытанні патрыятычнага і грамадзянскага напрамку, экалогіі, працоўнага выхавання, сям’і, быту і г. д.
У ДАЦ працуе інтэлектуальны клуб «Разумнікі і разумніцы», дзейнічаюць брэйн-рынг, «Казачнае лато». Шмат жадаючых знайшлося для ўдзелу ў гульні «Што? Дзе? Калі?». Для дзяцей арганізуюцца конкурсныя шоу-праграмы «Эка-мода», «Дружная сямейка», «Запалі зорку», «Кракадзіл» і іншыя.
Праходзяць спартландыі паміж камандамі вучняў і выхавацеляў. У Дзень здароўя – акцыя «Здаровы я – здаровыя дзяржава і сям’я». Запланаваны конкурсы: «Рэкорды Гінэса ў лагеры «Іса» і рэкламнага плаката «Тваё здароўе – у тваіх руках».
У праграму бацькоўскага дня ўключаны конкурс «Тата, мама, выхавацель і я – дружная сям’я». Пасля гэтага мерапрыемства пачынаецца падрыхтоўка да летняга жартоўнага кірмашу, які ўключае акцыю міласэрнасці ў дапамогу дзецям-інвалідам, канцэртную праграму для бацькоў, кірмашовыя лаўкі, выставу вырабаў дзіцячай творчасці.
Цікавымі абяцаюць быць конкурсы малюнкаў на асфальце на тэму «Шчаслівае дзяцінства» і прэзентацый «Так мы ў ДАЦ жывем», а таксама Дзень беларускай культуры.
Зразумела, гэта не ўвесь пералік дружынных мерапрыемстваў. Ды і атрады будуць жыць па сваіх планах. Кожны дзень будзе запоўнены цікавымі і змястоўнымі заняткамі.
Адпаведна раскладу дня ў 8.30 «горн трубіць: пара, пара! З добрай раніцай, дзятва!». «І з той гадзіны ж па парадку ўсе дзеці – на зарадку!» І ў такім вершаваным стылі складзены ўвесь рэжым дня.
Пасля ўборкі і сняданку «раз прыйшоў вясёлы час – усе гуляюць тут у нас». Праводзяцца аздараўленча-гігіенічныя працэдуры і спартыўныя мерапрыемствы. Час з 17.00 да 19.00 адводзіцца, напрыклад, для тэарэтычных і практычных заняткаў па Правілам дарожнага руху і пажарнай бяспекі, конкурсаў і віктарын.
Трэба заўважыць, што ўсе мерапрыемствы праводзяцца на свежым паветры. Быў час, калі сажалка лясгасам чысцілася. Замест гэтага арганізоўваліся паездкі ў басейн санаторыя «Магістральны».
З 19.30 да 22.15 «патанцуем, пагуляем, на ноч кніжкі пачытаем». У 23.20 «цяпер нельга гуляць: настаў час спаць».
Педагагічны калектыў ДАЦ складаецца з настаўнікаў горада, студэнтаў Баранавіцкага і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаў, а таксама БелДУТ. Яны праходзяць тут вытворчую практыку.
На думку Маргарыты Веніямінаўны, дзякуючы невялікай малой розніцы ва ўзросце студэнты-выхавальнікі лёгка знаходзяць агульныя інтарэсы з дзецьмі. Усе яны – народ ініцыятыўны , творчы, захоплены сваёй справай. Напрыклад, працаваў тут выхавальнікам выпускнік Мінскага каледжа чыгуначнага транспарту Аляксандр Панарын. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Андрэй Паламарчук і Раман Севярын актыўна праводзілі прафесійную арыентацыю школьнікаў.
– Зразумела, не ўсе з вучняў стануць чыгуначнікамі, але большасць з іх навучыцца паважаць працаўнікоў транспарту, – кажа Маргарыта Веніямінаўна.
– Колькі выхавальнікаў у змене?
– Трыццаць шэсць. У асноўным людзі з вышэйшай педагагічнай адукацыяй. Ёсць сярод іх студэнты факультэтаў германскіх і славянскіх моў, а таксама будучыя педагогі і псіхолагі. Гэта Ганна Райль, якая атрымала дыплом БарДУ, Паліна Зелянко, Карына Багатка, Максім Скрыпінскі і іншыя. Яны стануць перспектыўнымі выхавальнікамі маладога пакалення нашага грамадства. Аб гэтым сведчаць іх творчая актыўнасць, ініцыятыва, стараннасць у працы.
– У гэтым годзе спаўняецца 155 год Беларускай чыгунцы. Мне вядома, што трэцяя змена ў ДАЦ з’яуляецца чыгуначнай. Чым яна адрозніваецца ад іншых?
– Гэта знамянальная гістарычная дата, – адзначае Маргарыта Янушка. – Працоўныя калектывы Баранавіцкага аддзялення будуць праводзіць шэраг мерапрыемстваў з гэтай нагоды. Так, трэцяя змена ў ДАЦ традыцыйна чыгуначная. Усё будзе падпарадкавана гэтай тэматыцы.
Канстанцін СТАНКЕВІЧ