Сёння калектыў УП «Белтэхагляд» – гэта 506 чалавек. Сур’ёзныя спецыялісты, якія прафесійна выконваюць свае абавязкі. Дарослыя людзі, якія адказна ставяцца да грамадзянскіх абавязкаў. Амаль кожнага з іх пасля працоўнага дня дома чакае сям’я…
У марнасці штодзённых клопатаў не заўсёды ёсць час прыпыніцца, узгадаць мінулае і нават патэлефанаваць блізкім і родным. Спадзяемся, што нашы чытачы не чакаюць святочных дзён, такіх як Новы год, 8 Сакавіка ці дзень народзін, каб пачуць сваіх матуль. Так і супрацоўнікі УП «Белтэхагляд» клапоцяцца і дапамагаюць сваім матулям заўсёды, а не толькi ў Дзень маці.
Напярэдадні 14 кастрычніка мы паразмаўлялі са спецыялістамі прадпрыемства пра іх матуль. Тры дарослых чалавека: будучая мацi, бацька двух дзяўчынак і матуля таленавітай дзяўчынкі – яны спачатку нават саромеліся расказваць пра дзяцінства (ці даўно гэта было, ці ўжо звыкліся быць дарослымі і самастойнымі). Але пасля аднаго-двух пытанняў у вачах нашых суразмоўцаў з’явілася зіхаценне, усмешка не сыходзіла з вуснаў, і адна за адной шэры восеньскі дзень пачалі расфарбоўваць каляровыя гiсторыi пра дзяцінства і матулю.
Мацi бухгалтара I катэгорыі Анастасіі КЕБІЧ працавала медыцынскай сястрой:
– Юлія Аўгусцінаўна зусім маладзенькай дзяўчынай прыйшла ў 3-ю гарадскую клінічную бальніцу імя Клумава. Пасля лёс яе звязаў з дзеткамі: у радзільным доме яна працавала на працягу 15 год. Колькі немаўлят з’явілася на свет з яе дапамогай, падлічыць немагчыма. За кожнага з іх яна хвалявалася і радавалася. Памятаю, што дома ў нас часта стаялі чырвоныя цюльпаны, якія маладыя бацькі дарылі медыцынскаму персаналу пры выпісцы. Я з дзяцінства ведаю i смак шакаладных цукерак, якія былі дадаткам цюльпанаў. Як і ўсе малыя, бывала ў матулі на працы і бачыла немаўлятак. Мяне гэта вельмі ўразіла, я не магла паверыць, што сама некалькі год таму была такой жа. Матуля таксама працавала 12 год у Доме дзіцяці № 1 г. Мінска, дзе была «мамай» для многіх дзетак. Мы ўсе – сям’я маёй сястры і мая сем’я – вельмі любім нашу матулю і ўжо бабулю! Жадаем ёй здароў’я і шмат радасных момантаў!
– Усе мы дзеці, пакуль жывы нашы бацькі, – узгадала вядомы выраз у размове Таццяна Міхайлава – спецыяліст I катэгорыі УП «Белтэхагляд». – Толькі ў свядомым узросце пачынаеш задумвацца над гэтымі словамі і разумець іх сэнс. На мой погляд, нельга падзяляць маці і бацьку, а тым больш выдзяляць у асабістае свята Дзень маці. Так, сёння мы бачым сумныя прыклады, калі выхаваннем дзіцяці займаецца толькі матуля, ра-дзей толькі бацька, але гэта няправільна! Бацькі – аснова сям’і, i кожны з іх уплывае на станаўленне новага чалавека, грамадзяніна, кожны аднолькава важны з самага першага дня жыцця немаўляткі. Мая матуля Людміла Віктараўна – мая падтрымка і дапамога. У дзяцінстве яна шкадавала мяне, калі выпадкова паб’юся. У юнацтве мы разам перажывалі мае сардэчныя драмы. Ва ўніверсітэцкія гады яна ганарылася маімі поспехамі. Сёння мы з ёй сяброўкі. Прыйшоў той момант, калі мы размаўляем на адной мове: я пачала разумець яе хваляванні і турботы, а яна зрумела, што дачка зараз ужо сама мацi. Звяртаючыся да чытачоў, віншую ўсіх матуль і бацькоў! Дзякую сваім бацькам за ўсё і жадаю iм здароў’я і даўгалецця!
– Мая матуля Марыя Геранiмаўна працавала бухгалтарам у сферы адукацыі, – распавядае начальнік дыягнастычнай станцыі № 78 г. Астраўца Міхаіл
МЯДЗЕКША. – Для яе я хутка стаў першым памочнікам: нарадзілася малодшая сястра. Маімi абавязкамi былi дагляд жывёліны і дробны рамонт. Але матуля не забараняла i дзiцячыя свавольствы: ровар, хованкі, вогнішча летнім вечарам і коўзанка на рацэ зімой – усё я паспрабаваў! Як хлопчык не даваў свабоды матуліным абдымкам, але нават у сталым узросце адчуваў яе клопат і цеплыню яе сэрца. З нагоды Дня маці жадаю ўсім матулям мець ласкавых і чулых дзетак, а ўсім дзеткам ад пяцi да 85 год жадаю берагчы сваіх матуль!
Вось так, дарослыя дзеці – супрацоўнікі УП «Белтэхагляд» узгадалі сваіх матуль. Між тым зараз на прадпрыемстве працуе 47 мацi, якіх мы таксама віншуем і жадаем iм прыгажосці ў кожным моманце жыцця!
Таццяна СЦЯПАНАВА