Дзе ты, Элвіс?

Аднапавярховая Амерыка

Частка дзясятая. Дзе ты, Элвіс?

Вялікае амерыканскае падарожжа пасля знаёмства са штатам Нью-Мексіка працягваецца ў Невадзе. У горадзе, дзе не лічаць грошы і мiргаюць джэкпоты. Welcome to Fabulous Las Vegas – гэта мы прыехалі ў «Неверагодны Лас-Вегас».

Сталіца забаў, ігральнага свету і дарагіх гатэляў прачынаецца толькі пасля заходу сонца. Уначы тут жыццё кіпіць значна больш інтэнсіўна, чым днём, няма нічога немагчымага, а адчуванне свята прыцягвае турыстаў.

Падарожжа ў Лас-Вегас успрымаецца як магчымасць забыцца пра ўсё на свеце. Пасля яго галоўная складанасць згодна з фільмамi «Хлапечнік у Вегасе», «Мядовы месяц у Вегасе» і падобнымi – здолець вярнуцца ў рэальнасць.

Забягаючы наперад: нашы кашалькі і адчуванне рэальнасці засталіся некранутымі. Аднак часам дастаткова трох даляраў і ўсмешкі фартуны, каб жыццё перавярнулася з ног на галаву імгненна. Самы буйны вядомы выйгрыш на гульнявым аўтамаце ў Лас-Вегасе дастаўся 25-гадоваму праграмісту з Лос-Анджэлеса. Ён глядзеў матч баскетбольнай каманды і аўтаматычна закідваў доларавыя манеткі ў гульнявы аўтамат. На трэці раз машына гучна апавясціла праграміста пра тое, што ён стаў уладальнікам 40 мільёнаў даляраў.

Калі адысці ад бляску і эйфарыі, то што ўяўляе сабой Лас-Вегас? У старым цэнтры горада знаходзіцца Fremont Street. Тут размяшчаюцца найпапулярныя казіно горада Golden Gate Hotel & Casino, Golden Nugget, Binion’s Horseshoe і іншыя. Доўгі час Fremont Street была цэнтрам забаў у Лас-Вегасе. Гістарычна казіно былі дазволеныя толькі тут.

Асноўны бульвар Las Vegas Strip працягласцю сем кіламетраў даў прытулак большасці гасцініц і казіно.

Luxor Hotel Casino, напрыклад, гэта 110-метровае казіно, кінатэатр і гатэль ў выглядзе шкляной піраміды, якую ля ўваходу ахоўвае сфінкс. Venetian Resort Hotel Casino i Palazzo Resort Hotel Casino з’яўляюцца Венецыяй у мініяцюры. Некаторыя турысты нават кажуць, што ў сапраўднай Венецыі ім спадабалася менш, чым у яе штучнай копіі. Тут ёсць каналы, гандолы – іх прывезлі з сапраўднай Венецыі, спяваюць гандальеры. Можна пабачыць плошчу Святога Марка і мост Рыяльта. Прычым Венецыя ў мініяцюры знаходзіцца прама пад дахам гатэля, каналы праходзяць пад залай казіно, а на стылізаванай пад неба столі намаляваны аблокі, таму ствараецца ўражанне, што гандолы плывуць пад адкрытым небам. Іншыя залы распісаны фрэскамі ў італьянскім стылі.

Казіно Bellagio названа ў гонар курорта Bellagio на возеры Кома ў Італіі. Адной з галоўных славутасцяў з’яўляюцца святломузычныя фантаны. На жаль, мы ад іх чакалі большай моцы і ўражанняў. Paris Las Vegas Hotel Casino дэманструе 165-метровую копію Эйфелевай вежы, Трыумфальную арку і Плошчу згоды.

Адзін з самых старэйшых гатэляў-казіно – Caesars Palace Las Vegas – быў адкрыты ў 1966 годзе. У мясцовым Калізеі прахо-дзяць вядомыя шоў. Рымскія лазні госці выкарыстоўваць па прызначэнні, пасля – шпацыруюць па Садзе багоў і ўдзельнічаюць у розных рымскіх забавах. З вонкавага боку фантан Трэвi запрашае кінуць некалькі цэнтаў і загадаць жаданне. Якое? Мабыць, выйграць грошы, каб пабачыць сапраўдны Вечны горад.

New York New York Hotel and Casino адрозніваецца запамінальным фасадам, які аднаўляе Манхэтэн. Архітэктурны ансамбль ўключае дванаццаць хмарачосаў, у тым ліку Empire State Building і Chrysler Building, а таксама гавань Нью-Ёрка, статую Свабоды, будынак цэнтральнага вакзала і іншыя славутасці.

Mandalay Bay Hotel Casino запрашае атрымаць асалоду ад спалучэння забаў і вытанчанасці і выкарыстоўвае для гэтага трапічную тэму. Вакол басейнаў раскінулася 2700 тон пяшчаных пляжаў, ёсць акварыум з акуламі. Яшчэ адно трапічнае месца ў Лас-Вегасе – Mirage Hotel Casino, вядомае вулканам, які ўвечары кожную гадзіну вывяргае дым і агонь. Наведвальнікаў забаўляюць дэльфіны, тыгры, дзікія коткі і трапічны лес. Дадаткам да Mirage развіваўся ў свой час Treasure Island Hotel and Casino. Зараз пірацкая тэматыка адышла на другі план, аднак шоў з піратамі па-ранейшаму папулярныя ў турыстаў.

Апошнім у нашым аповедзе, але не ў Вегасе, зазначым Excalibur Hotel Casino. Гэты гатэль найбольш поўна характэрызуе ўсё, што мы пабачылі ў Лас-Вегасе. Горад з’яўляецца Дыснэйлэндам для дарослых, а велізарны белы замак з вежамі, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы Лас-Вегас Стрып, – доказ гэтага меркавання. Акрамя ўсяго, што можна чакаць ад гатэля ў Лас-Вегасе, тут ёсць і вясельная капліца.

Вяселле ў Лас-Вегасе – такая ж авантура, як і ўсё, што ёсць у гэтым горадзе. Хочаце ажаніцца на ўласным сябру дзяцінства, каб выказаць апагей сваёй бясконцай любові і каб мужам і жонкай вас абвясціў Элвіс Прэслі? У Вегасе магчыма ўсё! Працэдура шлюбу тут не патрабуе часавых выдаткаў. Разнастайнасць выбару сцэнару свята ўразіць нават самых выдасканаленых фантазёраў. Для рэгістрацыі шлюбу неабходна мець пашпарты, 55 даляраў (збор за выдачу ліцэнзіі для рэгістрацыі), і вам павінна быць больш за 18 гадоў. Кветкі, Элвіс Прэслі, музыка, фатограф і ўсё астатняе з самых неверагодных фільмаў і мрояў бясконца павялічваюць кошт. У Лас-Вегасе рэгіструецца ў сярэднім 315 вяселляў у дзень, гэта прыкладна 13 – у гадзіну.

Нумар у гатэлях Лас-Вегаса ў сярэднім абыйдецца ў 100 даляраў за суткі на дваіх. Дарэчы, было падлічана, у колькі абыдзецца ўік-энд у горадзе-свяце. У сярэднім госць пакідае 150 даляраў у казіно, 40 – на шопінг, 25 – на непрадбачаныя выдаткі, 110 – на ежу, забавы і напоі ў дзень.

Недалёка ад Лас-Вегаса знаходзіцца адна з самых вялікіх плацін свету – Гувера. Калі быць дакладней, яна размешчана на мяжы штатаў Невада і Арызона ў Чорным каньёне ракі Каларада. У пачатку XX стагоддзя амерыканцы вырашылі ўтаймаваць непакорлівую раку, паколькі яна часта ўводзіла вялікія нязручнасці мясцовым жыхарам. Акрамя таго, магла бесперабойна забяспечваць вадой Лос-Анджэлес і іншыя раёны Каліфорніі. Аднак неабходна было ўрэгуляваць пытанне аб размеркаванні вады паміж штатамі, каб пазбегнуць судовых разглядаў з усімі незадаволенымі спажыўцамі.

Плаціна будавалася ў няпросты для амерыканцаў час Вялікай дэпрэсіі. Пры будаўніцтве дамбы выкарыстоўвалася шмат новаўвядзенняў. Так, напрыклад, тут упершыню ў гісторыі працоўныя карысталіся каскамі, якія абараняюць галаву. Акрамя таго, інжынеры распрацавалі ўнікальную сістэму астуджэння бетону. Галоўная задача была выканана – Каларада перастала затапліваць землі, якія знаходзяцца ўнізе па плыні. Аднак многія віды жывёл і раслін з-за такіх глабальных умяшанняў чалавека апынуліся на мяжы знікнення. Возера Мід, утворанае плацінай, стала самым вялікім вадасховішчам у Штатах.

Дамбу наведваюць каля 10 мільёнаў турыстаў штогод. Здарылася так, што толькі ўвечары мы прыехалі паглядзець на гэты цуд. А 21-й гадзіне загудзела па ўсёй даліне сірэна. Яна абвяшчала, што прыйшоў час ад’язджаць наведвальнікам. Пачынаўся тэхналагічны працэс, дзеля якога людзі
ХХ стагоддзя ахвяравалі сабой і які дапамагае жыць у ХХI стагоддзі.

Працяг падарожжа будзе ў самым неверагодным штаце Амерыкі. Чакай нас, Каліфорнія!

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий