Аднапавярховая Амерыка

Частка пятая. Як «Мінск» у Аклахоме шукалі

Адбылося наша знаёмства i са штатам Місуры. На погляд падарожніка, ён не мае выбітных ландшафтаў і выдатных помнікаў архітэктуры. Тут простыя людзі будуюць сваю мару ў дэкарацыях аднапавярховай Амерыкі. А вось суседняя Аклахома, наадварот, мае і шчодрыя прыродныя рэсурсы нетраў, і гісторыю, што шчыльна пераплецена з лёсамі карэннага насельніцтва кантынента.

Эканоміка штата заснавана на здабычы нафты і вытворчасці збожжавых культур: кукурузы і пшаніцы. Прыкметна, што Аклахома знаходзіцца ў зоне Алеі тарнада. Самыя моцныя і разбуральныя ўраганы праходзяць па тэрыторыі штата. Яго назва паходзіць з мовы індзейцаў чокта: «оклан хумма», што азначае «чырвоныя людзі».

Да еўрапейцаў Аклахому засяляла некалькі індзейскіх плямёнаў, але ў XIX стагоддзі ўрад ЗША арганізаваў рэзервацыі для карэннага насельніцтва. Сюды звозілі чэрокі, семінолам, чокта, крыкаў. Сёння ў ЗША пражываюць прыблізна 5 мільёнаў індзейцаў – каля 5550 плямёнаў. Дзве трэці з iх – у 275 рэзервацыях.

Фармальна амерыканскае заканадаўства прызнае за рэзервацыямі правы штатаў, а для некаторых дзейнічаюць пэўныя льготы і паслабленні. Напрыклад, дазволены ігральны бізнэс, які і з’яўляецца асноўнай крыніцай нароўні з турызмам. Акрамя таго, індзейцы маюць права безакцызнага гандлю алкагольнай і тытунёвай прадукцыяй на тэрыторыі рэзервацый. Але гэтыя меры прыносяць і шмат зла. Добра вядома пра каласальную праблему алкагалізму сярод індзейскага насельніцтва ЗША.

Згодна з даследаваннямі 2017 года, чвэрць індзейскіх сем’яў жыве за мяжой беднасці. Да таго ж сярод іх – высокі ўзровень непісьменнасці. Вышэйшую адукацыю маюць 16% індзейцаў, нягледзячы на магчымасць бясплатнага паступлення ў ВНУ.

Нацыянальная культура ператварылася больш ў тавар на продаж у тых рэзервацыях, якія наведваюць турысты. З карэннымі амерыканцамі мы выпадкова пазнаёміліся, наведаўшы Giftshop. Сувенірная крама прапаноўвае індзейскія посцілкі-понча ад 90 даляраў за штучныя да 700 даляраў за ваўняныя, скураныя тапачкі хэнд-мэйд – ад 80 даляраў. Бранзалеты і каралі з пацерак былі самым танным сувенірам ад індзейцаў – 30 даляраў. Кошт быццам бы і аргументаваны лэйблам handmade, але трэба быць уважлівымі. Статуэтка арла ці сумка з махрамі на этыкетцы была адзначана трыма знаёмымі словамі: «Зроблена ў Кітаі». Гаспадыня крамы расказала, што індзейцы не вельмі ахвотна займаюцца рамёствамі, таму сувеніры прывозяць з Азіі, а тое, што зроблена ў рэзервацыях, каштуе шмат. Даведаліся мы, што маці гаспадыні была карэннай жыхаркай Аклахомы, а бацька – французскім афіцэрам. Пра Беларусь нашчадкі індзейцаў не ведалі, мы пакінулі паштоўкі з выявамі беларускіх мясцінаў і пажадалі гаспадынi як мага даўжэй захоўваць традыцыі продкаў.

Кірунак «на захад», як і раней, працягваўся па старой Трасе 66. Акрамя аўтамабілістаў тут сустракаецца шмат матацыклістаў. Перасекчы ўсю краіну з усходу на захад на матацыкле па гістарычнай дарозе, дзе амаль няма фур і заўсёды можна прытармазіць выпіць піўка, – мара многіх байкераў. На маршруце шмат музеяў матацыклаў, адзін з лепшых знаходзіцца менавіта ў Аклахоме.

На ўскраіне горада Warvick у 1921 годзе была пабудавана станцыя абслугоўвання. Пакуль жыла Траса 66 Джон і Эліс Сеаба развівалі свой бізнес: пабудавалі аўтазаправачную калонку і кафэ. У кастрычніку 2007-га будынак набылі Джэральд Цімс і Джэры Райсб, каб заснаваць тут музей матацыклаў. Ён з’яўляецца прыватнай калекцыяй сяброў. Еўрапейскія, японскія і амерыканскія матацыклы, рарытэтныя і новыя; матацыклы, якія выкарыстоўваюцца ў кінафільмах, спаборніцтвах і якімі кіравалі вядомыя людзі, знайшлі свой прытулак у Seaba Station Museum. Джэральд і Джэры некалькі год таму набылі матацыкл 1970 года выпуску, які ніколі не быў распакаваны.

Акрамя матацыклаў, выстаўлены тут курткі, шлемы і знакі. Быццам па старонках кнігі «Гісторыя і геаграфія матацыклаў», блукалі мы па экспазіцыі музея, але ў галаве круцілася адно і тое ж патрыятычнае пытанне: «Ці ёсць тут «Мінск»? На жаль, пра такія матацыклы гаспадары ад нас пачулі ўпершыню. Разам з Джэральдам мы пагарталі каталог сусветных марак матацыклаў і знайшлі там апісанне «Мінска». У знак удзячнасці за новыя веды гаспадар падарыў нам значок з лагатыпам Route 66.

Наступны прыпынак быў адзначаны на карце, як Круглы Свіран. Ён быў цэнтрам грамадскай дзейнасці і цікавасці на працягу стагоддзя. Уільям Харысан у 1898 годзе пабудаваў хлеў 60 футаў у дыяметры і 43 фута ў вышыню з мясцовай чырвонай скальнай пароды. Мясцовыя дубовыя брусы вымочвалі ў вадзе, а затым аб’ядноўвалі ў прэс-форму для стварэння формы. Як свіран атрымаў круглы дызайн, застаецца гістарычная загадкай. Пасля таго як яго будаўніцтва было завершана, у свіране захоўвалі сена, зерне. Таксама амаль з самага пачатку ён служыў у якасці абшчыннага цэнтра. Падчас будаўніцтва у трох маладых рабочых з’явілася ідэя, што такое цудоўнае месца было б зручным для танцаў. Час ад часу на працягу наступных 25 гадоў у свіране танцы прыцягвалі натоўпы і лепшых музыкантаў. Сёння  там змешчаны музей і праходзяць рэгістрацыі шлюбу, мясцовыя святы і канцэрты. Непадалёк ад Круглага Свірана на былой аўтазаправачнай станцыі горада Аркадзія адкрыта мара кожнага дзіцяці – магазін газіроўкі. Больш за тысячу гатункаў зялёных, блакітных, ружовых напояў з бурбалкамі вабяць каляровымі этыкеткамі. Унутранае дзіця не дазваляе не набыць мексіканскую газіроўку са смакам пінакалады ці бразільскую мангавую пэпсі.

Аклахома-Сіці з’яўляецца сталіцай аднаіменнага штата, што незвычайна для Амерыкі. Горад быў заснаваны 22 красавіка 1889 года, калі адбылася адна з самых цікавых падзей у гісторыі асваення заходніх зямель: «Зямельныя гонкі». Тады адначасова каля 50 тысяч чалавек, спаборнічаючы памiж сабой, рынуліся на яшчэ не размеркаваныя тэрыторыі, каб паспрабаваць замацаваць за сабой бясплатны кавалак зямлі. Да вечара таго ж дня каля

10 000 перасяленцаў сфармавалі гарадок, які і ператварыўся з часам у Аклахома-Сіці.

Сімвалічным гістарычным помнікам з’яўляецца капітолій, будаўніцтва  якога вялося 100 гадоў. Недахоп сродкаў змушаў пастаянна спыняць будаўніцтва. Доўгі час будынак знаходзіўся без купала. Толькі ў 2002 годзе здолелі пабудаваць раскошны 47-метровы купал. Капітолій у Аклахома-Сіці адзіны ў свеце быў пабудаваны над нафтавай свідравінай, што, на наш погляд, вельмі сімвалічна для нафтавага штата. Уваход вольны для наведвальнікаў. У калідорах тут можна спаткацца з кангрэсменамі, паназіраць за іх працай у кабінетах са шклянымі дзвярыма – увогуле, адчуць блізкасць улады да народа і сваё дачыненне да яе.

Працягваем падарожжа па штаце Аклахома праз горад Элк-Сіці. Мы і не ведалi, што тут знаходзіцца адзін з лепшых музеяў на маршруце. Час быў позні для яго наведвання – сем гадзін вечара, таму бясплатна мы наведалі экспазіцыю-горад пад адкрытым небам.

Домікі пачатку XX стагоддзя сабраны па ўсёй краіне і адлюстроўваюць звычайнае жыццё горада таго часу. Здаецца, што ён спіць і вось-вось прачнецца: гаспадыні паспяшаюцца за хлебам і зелянінай у краму. Дзеці пабягуць у школу, салідныя мужчыны накіруюцца ў банк, а цягнік адправіцца ў новае падарожжа. Увечары салун напоўніцца ганарлівымі каўбоямі, дзе легкадумныя дзяўчыны станцуюць кан-кан, набажныя сем’і накіруюцца на канцэрт у тэатр, а працавіты фермер напоўніць шклянку добрым віскі і з цыгарай будзе назіраць закат над Вялікай раўнінай Аклахомы.

Таццяна СЯМАШКА

Добавить комментарий