Аднапавярховая Амерыка

Частка першая.

Як заплаціць менш і атрымаць больш Пасольства ЗША ў Мінску аднавіла выдачу неіміграцыйных віз беларусам. З гэтай нагоды мы пачынаем серыю публікацый пра Амерыку. Нашы вандроўнікі натхніліся кнігай Іллі Ільфа і Яўгена Пятрова «Аднапавярховая Амерыка» і вырашылі параўнаць уражанні.

Падрыхтоўка падарожжа працягвалася некалькі месяцаў. Выніковы варыянт маршрута выглядаў так: Чыкага – Трасса 66 (Historic Route 66) – Нацыянальныя паркі – Лас-Вегас – Сан-Францыска – Ціхаакіянская шаша – Лос-Анджэлес – Фларыда – Нью-Ёрк. «ТБ» мае намер распавесці пра ўсе амерыканскія прыгоды нашых вандроўнікаў і спа-дзяецца, што чытачы пройдуць шлях у 7000 міль (ці 11 265 кіламетраў) разам з намі.

Аэрапорт Чыкага не ўразіў мноствам пасажыраў. Сумкі хутка з’явіліся на ленце траспарцёра, і мы накіраваліся да аўтаматаў па продажу квіткоў. Нам патрэбен быў цягнік да цэнтра Чыкага, і пакуль мы вырашалі, які квіток купіць, да нас падышла сталая пара. Яны павіталіся і прапанавалі свой праязны. Мы ўзялі, падзякавалі і парадаваліся эканоміі амаль 10 даляраў. Мужчына з жанчынай таксама былі турыстамі. Яны прыехалі ў аэрапорт, і праязны ім быў больш не патрэбен, а дзейнічаў ён яшчэ да канца дня – вось і вырашылі дапамагчы «калегам».

Да цэнтра Чыкага электрацягнік ідзе 40 хвілін. Прыкметная асаблiвасць: метро ў Чыкага надземнае i мае назву The L (elevated). На ўзроўні другога паверха шумна, але цягуча адзін за адным грукочуць цягнікi. Самі жыхары горада ўключылі The L у лік сямі цудаў Чыкага.

Першае, што патрэбна было зрабіць нам у Чыкага, – гэта ўзяць ў арэнду аўтамабіль. Яшчэ ў Мінску мы выбралі пракатны сэрвіс з найбольш прывабнымі ўмовамі. Якімі? Кошт. Ён залежыць ад класу аўтамабіля: самыя танныя – аналагі Toyota Corolla, на 20 даляраў у суткі даражэй – седаны, яшчэ на 20 – джыпы. Ад чаго яшчэ залежыць кошт пракату? Пажадаеце дадатковую страхоўку на выпадак неабходнасці эвакуацыі аўтамабіля (+200 дал. за ўвесь пракат), збіраецеся кіраваць аўтамабілем самастойна ці яшчэ нехта сядзе за руль (+200 дал. за ўвесь пракат). Навігатар, кандыцыянер і іншае – плюс 20–50 даляраў. Опцый дзеля даплаты шмат, але мы ад іх адмовіліся. Трэба памятаць пра абавязковы закладны кошт, які блакуецца на крэдытнай картцы да канца пракату.

Напярэдадні падарожжа мы замянілі старыя пасведчанні кіроўцы на карткi ўзора 2011 года, што рабіць было неабавязкова. Чаму? Мене-джэр пракату, калі афармляў дакументы, у спецыяльным даведнiку на літару «B» адшукаў старонку з узорамі беларускіх дакументаў, і там мы ўбачылі абодва існуючых варыянты пасведчанняў.

Афармленне першага пракату займае 20–30 хвілін. Цікава, але калі ў дарозе аўтамабіль здаўся нязручным, заўсёды можна замяніць яго ў любым офісе кампаніі-пракатчыка. Ведаючы гэта, мы не вельмі хваляваліся, што атрымаем машыну не ў лепшым стане, але ў гаражы наш чакала іншае. Усе аўтамабілі нашага класа былі размеркаваны ці яшчэ не прайшлі сэрвіснага абслугоўвання пасля вяртання.

Што ж рабіць: чакаць? Не! Амерыканскі сэрвіс не дазваляе такога. Таму нам прапанавалі аўтамабіль вышэйшага класа і з навігатарам без даплат. Так мы сталі шчаслівымі ўладальнікамі Dodge Durango RT з прабегам 5000 міль. Выглядаў ён як вялiкi белы карабель. Шмат разоў мы хвалілі зручнасць менавіта такога памера для доўгай дарогі і толькі аднойчы пашкадавалі з-за памера колаў. Пра гэта раскажам падчас аповяду пра падарожжа па Нацыянальных парках…

Галоўная справа была выканана намі паспяхова. Прыйшоў час знаёміцца з самым амерыканскiм з усiх амерыканскix гарадоў – Чыкага. Надвор’е не спрыяла добраму настрою. Выправіць сітуацыю павінен быў ланч. Мы проста ішлі па вуліцы ў пошуках кафэ.

Першым убачылі McDonald’s, а побач з ім кафэ, аздобленае вывескамі, як у фільмах пра Амерыку. Прынамсі, падчас нашага падарожжа было шмат месцаў, відаў, гарадоў і нават людзей быццам з кадраў фільмаў пра Амерыку. Гэта выклікала адчуванні неверагоднасці таго, што адбываецца.

Інтэр’ер кафэ ўразіў нас, стомленых дарогай, і дакладна пацвердзіў: вы ў Амерыцы, паважанае спадарства. Драўляныя сталы былі накрыты клятчастымі абрусамі, старыя нумары аўтамабіляў і гістарычныя фотаздымкі аздаблялі сцены, а са столі ўрачыста звісаў амерыканскі сцяг. Класічны амерыканскі ланч наведвальнікаў кафэ складаўся з трох-чатырох гамбургераў на чалавека, бульбы і лiтра газаванага напою. Мы далучыліся да агульнай масы, набыўшы адзін бургер, i вылучылiся з яе, замовіўшы талерку пасты балан’еза (заплацілі 17 даляраў).

Дождж скончыўся, і хмарачосы схаваліся пад шапкай туману. Чыкага ў XIX стагоддзі стаў заснавальнікам шматпавярховай будоўлі. Вялікі чыкагскі пажар 1871 года за суткі знішчыў 18 000 будынкаў, 34 гарадскіх квартала.

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: аднаўляць горад па старых планах адмовіліся. Пачалася маштабная рэканструкцыя, але багністая глеба побач з возерам Мічыган не прызначана для будаўніцтва вышынных будынкаў. Спатрэбілася наватарскае рашэнне, якім стаў металічны каркас. Ён і ператварыў Чыкага ў заканадаўца моды на хмарачосы.

У 1885 годзе 10-павярховы Home Insurance Building стаў першым у свеце будынкам са сталёвым каркасам вышынёй 42 метры (чытайце: першым хмарачосам). Самы высокі будынак 1920-х гадоў – 173 метры (21 паверх) – будынак масонскай царквы. У 2017 годзе сёмае месца ў свеце па вышыні будынка займае Willis Tower – 108 паверхаў (442 метры), аднак з 1974 да 1998 года ён быў самым высокім у свеце. Сёння Willis Tower – найвышэйшы будынак у свеце па вышыні антэны. Чым не аргумент, каб наведаць аглядную пляцоўку? Абавязкова, калі няма туману.

Нам пашанцавала затрымацца ў Чыкага на другі дзень. Каб знайсці самы сытны сняданак у горадзе, мы накіраваліся ў кафэ Yolk. Традыцыйна ён складаецца з вялікай порцыі бульбы (фры або смажанай у мундзіры), двух смажаных яек (можна вараных ці амлету), сасісак або бекону, разнастайных соусаў Heinz і абавязкова некалькіх кубкаў кавы і двух тоўстых панкейкаў з кляновым сіропам. Такі сняданак каштуе ад 7 даляраў на чалавека.

Падсілкаваўшыся на дзень, мы накіраваліся шукаць свае адлюстраванні ў дзесяціметровым «бобе» і прайсці скрозь «срэбнае воблака». Гэта дзве неафіцыйныя назвы адной скульптуры. Афіцыйна Cloud Gate – гэта канструкцыя з нержавеючай сталі, якая складаецца з 168 пласцін, важыць 100 тон і мае памеры 33х66 футаў. Па форме нагадвае вялізную кроплю, застылую ў паветры. Людзі могуць праходзіць пад цэнтральнай аркай вышынёй 3,7 метра і натхняцца вялікімі «увагнутасцямі«, бачыць у іх свае шматлікія адлюстраванні. «Чыкагскі боб« лічыцца адной з самых папулярных скульптур па колькасці зробленых з ёй фотаздымкаў. Аспрэчваць статыстыку мы не сталі і сфатаграфаваліся ў бліскучым баку «воблака».

Неад’емнай славутасцю Чыкага з’яўляюцца знакамітыя чыкагскія вятры. У другі дзень нашага знаёмства з горадам вецер здрадліва хацеў падхапіць вандроўнікаў у незапланаваны палёт. Асабліва на набярэжнай возера Мічыган і пірсе Navy Pier мы зразумелі назву Чыкага – «горад вятроў».

З пірса штодня ўлетку адпраўляюцца чыкагскія турысцкія круізы і прагулачныя караблі. Круглы год Navy Pier прыцягвае аматараў шопінгу і лакальнай ежы, арт-выстаў і атракцыёнаў. Чортава кола Ferris Wheel вышынёй 45 метраў нядаўна змадэлявалі наўзамен першага ў свеце драўлянага кола агляду 1893 года пабудовы.

Архітэктура ў Чыкага займае цэнтральнае месца і ў прамым сэнсе. Музей архітэктуры горада – шматпавярховы будынак на цэнтральнай вуліцы. Унутры яго няма спячых ахоўнікаў і пажоўклых фотаздымкаў. Музей архітэктуры Чыкага аддаў хол першага паверха макету горада. У суседнім пакоі з Lego дарослыя і дзеці збіраюць «тыпавыя» праекты: вежы Эйфеля, Біг-Бены, Бурдж-Халіфа. У музеі можна набыць сувеніры архітэктурнай накіраванасці. Мы купілі самую дарагую за ўсё падарожжа паштоўку – 3 даляры. А ўсё таму, што на той момант не прыстасаваліся, што кошт на цэнніку напісаны без уліку мясцовага падатку. У кожным штаце адсотак падатку розны, як і кошт бензіну. Пра гэта раскажам, калі паедзем па Route 66.

Калі на гадзінніку 6 PM, надыходзіць час слухаць джаз. Дзе лепш за ўсё гэта рабіць? Менавiта ў «Шыкага» – так называюць жыхары свой горад. Аднак будзем сумленнымі. Джаз прапісаўся ў забаўляльных установах Чыкага толькі ў другім дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя. Ён з’явіўся тут разам з лепшымі музыкамі з Новага Арлеана. Трубач Луі Армстронг і Джо «Кінг» Олівер, кларнетыст Джоні Додс і кантрабасіст Эд Гарланд, трамбаніст Анарэ Датрi і піяністка Ліў Хардзi, бубнач Бэйбі Додс – King Oliver’s Creole Jazz Band сталі самымі яркімі выканаўцамі арыгінальнага стылю новаарлеанскага цёмнага джаза. У эклектычным Чыкага, акрамя гэтага, аформіўся і самастойны «белы» джазавы стыль – дыксіленд. Ён гучыць мякчэй і саладзей, што ні ў якім разе не гаворыць пра яго няшчырасць. Скажам больш, калі вы з джазам знаёмыя толькі па «расказах« Дафны і Джозефін (яны ж чыкагскія музыканты Джо і Джэры з фільма «У джазе толькі дзяўчаты»), вам не варта перажываць, што замест джазавага канцэрту патрапілі на вечар дыксілэнду.

Пасля колькіх дарэмных спроб забраніраваць столік у рэкамендаваных афішай месцах, мы былі згодныя паехаць на іншы бераг Мічыгана за порцыяй смачнага джаза. Поспех чакаў нас літаральна за вуглом. Калі мы выдаляліся ад набярэжнай Navy Pier і хаваліся сярод хмарачосаў ад ветру, то запрыкмецілі сціплую шыльду Andy’s Jazz. Гэты клуб лічыцца адным са старэйшых і паважаных у Чыкага.

«Не пусцяць, – падумалі беларусы, – а яшчэ i твары чырвоныя ад ветру, і адзенне не адпавядае дрэс-коду After 5». «Мы ж у Амерыцы!» – мільганула надзея, натхнёная паветрам свабоды. Пусцілі! У шэсць вечара мы ўжо слухалі джаз. Для таго каб патрапіць у адзін з лепшых джаз-клубаў Чыкага, нам спатрэбіліся: дакументы, якія пацвярджаюць нашы «21+», і дзве банкноты «Абрахама Лінкальна» за ўваход. Нішто больш не мела значэння. Побач былі тыя, хто прыйшоў атрымаць асалоду ад музыкі і не заказваў ні ежу, ні напоі. Iншыя вячэралі з дзецьмі. Мужчыны сустракаюцца з сябрамі і абмяркоўваюць за барнай стойкай апошнія навіны.

Рэзюмэ

Хмарачосы. Метро на ўзроўні другога паверха. Рачное таксі. Горад здаецца шматслаёвым – і гэта не падман гледжання, і не здагадкі. Нагляднае пацверджанне таму – Marina City. Унізе, на вадзе, прыпаркаваны кацеры і лодкі. Наступныя 19 паверхаў займае паркінг. Вышэй – крамы, кафэ, фітнес-цэнтры. Яшчэ вышэй – апартаменты. Гэты комплекс вядомы як «чыкагскія кукурузкі». Адразу ўспамінаюцца мінскія «кукурузкі» – дамы паблізу Камароўскага рынку.

Дарэчы, у Чыкага беларускае сустракаецца не толькі ва ўспамінах: на набярэжнай возера Мічыган усталяваны помнік Тадэвушу Касцюшку, а музеем архітэктуры і дызайну валодае Крысціян Наркевіч-Лейн – унучаты пляменнік Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Таццяна СЯМАШКА

Працяг у наступным нумары

Добавить комментарий